Яраслаў Бароўскі: Людзі хочуць галасаваць за тых, каго ведаюць
Цягам чарговых пяці гадоў Бельскам Падляшскім будзе кіраваць Яраслаў Бароўскі. Ён перамог у другім туры выбараў, за яго прагаласавалі больш за 60% выбаршчыкаў.
Гэта будзе другі тэрмін на пасадзе бургамістра. На размову з госцем запрашае Давід Гайко:
– Я цешуся, што людзі яшчэ раз паверылі мне. За мяне прагаласавала 5900 асобаў, у гісторыі горада Бельска Падляшскага ніводны кандыдат не атрымаў такой падтрымкі. Гэта вялікая адказнасць, бо столькі людзей прагаласавала, таму трэба паказаць, што яны не памыліліся.
РР: У Бельску Падляшскім палова выбаршчыкаў не прагаласавала.
– Яўка большая за 50% – гэта высокая яўка. У мінулыя гады бавала так, што ў другім туры галасавала 42-43% выбаршчыкаў. Гэтыя выбары паказалі, што людзі хочуць мець уплыў на тое, хто будзе іх прадстаўляць у наступным годзе. Людзі хочуць галасаваць за тых, каго ведаюць. Падчас выбараў у Сейм, прэзідэнцкіх выбараў, яўка меншая. Гэтых людзей мы бачым толькі па тэлевізару, чытаем пра іх у інтэрнэце і газетах, а бургамістра ці радных гарадской управы можна сустрэць кожны дзень і пагаварыць пра праблемы горада.
РР: Вы штораз больш супрацоўнічаеце з Беларуссю. Будзеце ісці ў гэтым напрамку?
– У нас у Беларусі два гарады пабрацімы Кобрынь і Светлагорск. Кобрынь ад нас 100 кіламетраў, таму можна нават за адзін дезнь паехаць, вярнуцца і вырашыць свае справы. Так што будзем развіваць наша супрацоўніцтва.
Гутарыў Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя