Яраслаў Бароўскі: Выстава „Наша памяць” павінна трапіць у школы і музеі



Выстава „Наша памяць”, падрыхтаваная Беларускім гістарычным таварыствам і фондам Kamunikat.org, раcпавядае пра перыяд з 29 студзеня па 2 лютага 1946 года, калі з рук польскага антыкамуністычнага падполля загінула больш за 80 жыхароў падляшскіх беларускіх вёсак.

Выстава павінна трапіць у бібліятэкі, школы і музеі не толькі Падляшша, але і ўсёй Польшчы, лічыць бурмістр Бельска Падляшскага Яраслаў Бароўскі:

– Многія не ведаюць, што такія падзеі мелі месца. Два гады таму дэпутат Кукіз выхвальваў, выхвальваў. Я яго запрасіў у Бельск. На наступны год ён ужо сказаў, што Рамуальд Райс не з’яўляецца героем. Добра, але трэба даходіць да людзей з такой інфармацыяй. Калі б мы паехалі, напрыклад, у Шчэцін і пра гэта расказалі, то ніхто б не ведаў, што гэта мела месца. У Познані была выстава Лявона Тарасэвіча і Госі Дзмітрук. Ёсць людзі, якіх гэта зацікавіць.

– Добрая выстава, добра падрыхтавана. Зразумелае апісанне, фотаздымкі. Я быў у тых мясцінах, яны стаяць у мяне перад вачамі. 

 – Мы паміраем, калі не будзем гэта захоўваць, то памяць пра гэта не захаваецца. 

Я думаю, што трэба пачаць з Цэнтра праваслаўнай культуры, а пасля ў іншых месцах.

„Наша памяць” – плён працы актывістаў БГТ і Kamunikat.org, якія правялі тры экспедыцыі па слядах гэтак званага рэйду атрада Рамуальда Райса „Бурага”, падчас якіх правялі рэгістрацыю помнікаў і магілаў ахвяр. Рэестр будзе перададзены падляшскаму ваяводзе з мэтай далейшага ўнясення гэтых месцаў у спіс помнікаў гісторыі, што ахоўваюцца дзяржавай.

Падчас выставы вядзецца збор сродкаў на аднаўленне помнікаў. Ахвяраванні таксама можна пералічваць на рахунак Беларускага гістарычнага таварыства з пазнакай „Наша памяць”.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com/jaroslaw.iwaniuk