Яраслаў Качыньскі: Плот на польска-беларускай мяжы дазволіў спыніць наступ Лукашэнкі і Пуціна на Польшчу



Старшыня партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі заявіў, што плот на польска-беларускай мяжы дазволіў спыніць наступ Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на Польшчу, цытуе палітыка «Польскае радыё».

Яраслаў Качыньскі

У выступе ў Капчанах на Падляшшы, побач з плотам на мяжы з Беларуссю, Качыньскі адзначыў, што людзі, якія спрабавалі перасекчы польска-беларускую мяжу, былі не ўцекачамі, а эканамічнымі мігрантамі. Старшыня ПіС падкрэсліў, што гэта гібрыдная вайна. «Яны не былі ўцекачамі, гэта былі людзі, якія шукалі лепшай долі, але ў той жа час яны далі сябе выкарыстоўваць злачынцам, якія хацелі дэстабілізаваць нашу краіну. У іх нічога не атрымалася», – сказаў ён.

Яраслаў Качыньскі ўрачыста адкрыў у Капчанах кампанію ПіС пад назвай «Траса стрыманага слова». Ён адзначыў, што «Права і справядлівасць» гатова вырашаць цяжкія сітуацыі, напрыклад, са штурмам мяжы. У дадатак да металічнага плоту Польшча адкрыла новы участак электроннай загароды на мяжы з Беларуссю, цяпер яна складае 72 км Яраслаў Качыньскі таксама сказаў, што дзякуючы плоту ўзмацнілася бяспека ў памежнай зоне.

Ён дадаў, што пры неабходнасці ўлады могуць стварыць і іншыя праекты такога кшталту. Плот на польска-беларускай мяжы мае даўжыню каля 200 км. Таксама там усталявалі каля 3 тысяч відэакамер.