Яраслаў Качыньскі: У Беларусі не бачна сіл, якія маглі б зрынуць рэжым
„У Беларусі не бачна сіл, якія маглі б зрынуць рэжым Лукашэнкі”, – заявіў Яраслаў Качыньскі.
Польшча рыхтуецца да парламенцкіх выбараў 2023 года. Палітыкі розных партый рушылі ў рэгіёны. У суботу, 2 ліпеня, старшыня кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі наведаў Беласток і Бельск Падляшскі. У Бельску, адказваючы на пытанне з залі пра сітуацыю ў Беларусі, палітык сказаў наступнае:
– Беларусь пакуль абсалютна падпарадкаваная Расеі. Лукашэнка за ўратаванне сваёй улады практычна заплаціў далучэннем да Расеі. Выкручваецца ад удзелу ў вайне, бо баіцца, што ў выпадку калі Расея прайграе, ён мяркуе, што Захад усё ж уключыцца ў гэтую вайну і гэта скончыцца абсалютнай паразай. Там пакуль не бачна сіл, якія маглі б зрынуць рэжым.
Палітык лічыць, што цяпер сітуацыя ў Беларусі звязаная з тым, што адбываецца ва Украіне:
– Магчыма ў Еўропе будзе фармавацца новы геапалітычны кшталт і ў сувязі з гэтым у Беларусі адбудуцца змены, я б гэтага вельмі хацеў. Лёс вайны ва Украіне пакуль невядомы, бо некаторыя меркавалі, што вайна ўжо скончаная і выйграная Украінай, але пакуль гэта не так.
Таксама Яраслаў Качыньскі прыгадаў пратэсты ў Беларусі 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя