Яўген Чыквін: Трэба аднаўляць супрацу з усходнімі суседзямі
25 кастрычніка Падляшша будзе выбіраць сваіх прадстаўнікоў у польскі Сейм і Сенат.
Ужо чарговыя выбары, калі беларусы не выстаўляюць свайго выбарчага камітэта. Кандыдатаў у парламент, якія спадзяюцца на галасы, між іншымі, і беларускага электарату стаяць у партыйных спісах: Аб’яднаных Левых спісаў — Аляксандр Сосна, Грамадзянскай платформы — Адам Мусюк, Польскай Сялянскай партыі — Яраслаў Матвеюк .
За мандат сенатара з шырокай падтрымкай Аб’яднаных левых сілаў, Грамадзянскай платформы і Сялянскай партыі змагаецца шматгадовы дэпутат Сейма, Яўген Чыквін:
РР: Яўген Чыквін — кандыдат, цяпер ужо, ў Сенат і ўпершыню з такой вялікай партыйнай падтрымкай. Як гэта сталася? Як так удалося?
— Мяне ўпершыню выбралі дэпутатам у 1985 годзе і найважнейшае, што ўсе справы, звязаныя з законнымі гарантыямі і для праваслаўнай царквы, і для нацыянальных меншасцяў, ў польскім заканадаўстве ўжо прынятыя. І я падумаў, што прыйшоў час заканчваць і пажыць крыху спакайней. Ёсць маладыя і амбітныя людзі, якія хацелі б увайсці ў палітыку і стаць дэпутатамі. А калі я падам сваю кандыдатуру, дык мой пастаянны электарат стане пэўным бар’ерам для іх. Мне вельмі прыемна, што і Грамадзянская платформа і Польская Сялянская партыя і Аб’яднанне левых сілаў мяне падтрымліваюць. Гэта пацверджанне таго, што я стараўся не для партыі, не для фракцыі, а для нашых людзей і для справаў, можа не найважнейшых у дзяржаве, але важных для нацыянальных меншасцяў, для Царквы. А шанцы свае я ацэньваю 50/50.
РР: Сямятычы, Бельск, Гайнаўка, Высокае Мазавецкае — шанцы такі ёсць.
— Але яны меншыя, чым у Сейм, бо Бельскі павет ён 50/50: тая частка, дзе мая Орля і нашыя праваслаўныя гміны, больш прыхільная, а Браньск і Руткі і так далей — там збольшага польскі электарат майго контркандыдата ад Права і Справядлівасці. У Сямятыцкім павеце падобна, хоць, можа, крыху больш людзей за яго. У Гайнаўскім, перавага за мной, але ў Высокім Мазавецкім перавага за ім. І тут адна праблема, з-за якой я ў некарысным становішчы: яўка на выбары на польска-каталіцкіх абшарах заўсёды вышэйшая.
РР: Што вы хацелі б зрабіць у Сенаце?
— Усходняя палітыка, нашы суседзі: Беларусь, Украіна, Расея. Я бачу, што з Беларуссю паціху пачынаюць аднаўляць супрацу. Трэба яшчэ пераконваць беларускі бок, каб пачаў працаваць бязвізавы рух, і так далей. З Расеяй у нас таксама ёсць мяжа і нашы прадпрымальнікі гавораць, што трэба неяк вярнуцца на расейскі рынак, але, калі Польшча будзе такім ястрабам у справе санкцыяў, Заходнеўрапейскія дзяржавы хутчэй дагаворацца з расейцамі і ўвойдуць са сваімі прадуктамі не аглядаючыся на Польшчу. Важныя пазапалітычныя справы таксама можна выкарыстаць. Напрыклад дыялог паміж Праваслаўнай і Каталіцкай Царквой. У 2012 годзе Патрыярх Кірыл заклікаў да прымірэння. Але Каталіцкая Царква, наколькі я бачу, паводзіць сябе стрымана, бо я і з біскупамі гаварыў, і быў у красавіку ў Маскве на юбілеі ў Патрыярха, і яны гатовыя працягваць дыялог. Толькі пакуль усё спынення, бо ва ўзаемных дачыненнях дзяржаваў цяпер ледавіковы перыяд. У Сенаце больш шанцаў, каб нейкае шырэйшае паразуменне будаваць сярод польскіх палітыкаў у справе ўсходняй палітыкі.
РР: Вы мелі нагоды гаварыць з беларускімі палітыкі на тэму Малога памежнага руху. ЦІ ёсць шанцы, каб ён пачаў дзейнічаць?
— Для Беларусі гэта ўжо нейкі аргумент. Калі я быў у Беларусі ў 2003 годзе, ў якасці старшыні польска-беларускай парламенцкай групы, мяне запрасілі на юбілей мітрапаліта Філарэта. Туды прыйшоў і прэзідэнт Лукашэнка, а мітрапаліт мяне яму прадставіў, і мы пагаварылі. Я яму кажу, што мая мама плакала, бо мяжа, і яна не магла паехаць. А тады яшчэ гаворкі не было пра бязвізавы, толькі пра новыя пераходы, і мы прасілі ў іх згоду на пераходы ў Белавежы і на Аўгустоўскім канале. Адразу пасля таго, хоць я не ведаю, ці гэта менавіта наша размова паспрыяла, беларускі бок даў згоду. Я думаю, што перш за ўсё трэба шукаць кантактаў. Калі на абмеркаванне гэтай тэмы запрасілі амбасадара Беларусі, ён рашуча сказаў, калі будуць нармальныя ўзаемадачыненні паміж нашымі краінамі, тады будзе і бязвізавы рух.
РР: Вы спадзеяцеся на праваслаўны, беларускі электарат, як вы маглі ў Сенаце абараніць інтарэсы меншасцяў?
— У той рэчаіснасці, у якой мы жывем, трэба задбаць, каб была нейкая нармалізацыя ва ўзаемаадносінах між намі і палякамі. Трэба быць партнёрамі, а не тымі, хто чакае з панскага стала. Найважйнешае, добра выкарыстоўваць наша прымежнае геаграфічнае палажэнне, бо калі будзе супраца з Беларуссю, дык і бязвізавы рэжым удасца і будзе і канкрэтная фінансавая карысць для нашых людзей. Па-другое, адказны палітык павінен думаць, што будзе пасля 2020 года, калі закончацца датацыі Еўразвязу. І я не бачу іншай перспектывы, як толькі супраца з усходні суседзямі.
Супернікам Яўгена Чыквіна, які змагаецца за мандат у Сенат у паўднёвай акрузе Падляшскага ваяводства з’яўляецца кандыдат ад партыі Права і справядлівасць Тадэуш Романьчук.
Чарговая сустрэча з кандыдатамі ў нашым эфіры адбудзецца 6 кастрычніка, з Аляксандрам Сасной, кандыдатам ад «Аб’яднаных левых сілаў».
Гутарыла Валянціла Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарку можна паслухаць у далучаным файле.