Яўген Мірановіч пра гадавіну вайсковага становішча ў Польшчы



13-га снежня спаўняецца 40 гадоў з дня ўвядзення вайсковага становішча ў Польшчы.

Генерал Войцех Ярузельскі абвясціў пра гэта ў ранішнім эфіры польскага радыё і тэлебачання. Вайсковае становішча было накіраванае супраць аб’яднанай вакол руху „Салідарнасць” дэмакратычнай апазіцыі дзеля выратавання тагачаснай камуністычнай сістэмы.

Паводле гісторыка Яўгена Мірановіча, тады паміж ПНР і СССР існавала дамоўленасць:

– Калі палякі самі „наводзілі парадак” у сваёй краіне, гэта па-іншаму выглядала, чым сітуацыя, калі б „наводзіць парадак” прыйшлі немцы з ГДР, або саветы ці чэхі. Гэта зусім было б інакш, бо ў Польшчы без ахвяраў не абышлося б. Гэта непапулярная думка, але я свядомы, што так было лепш, чым чужая інтэрвенцыя. Раней ужо была дамоўленасць паміж Ярузельскім і савецкім бокам, што саветы не будуць, а Ярузельскі сам за гэта возьмецца і „навядзе парадак”. На маю думку, для сябе ён выбраў горшы варыянт, але для краіны лепшы варыянт.

Вайсковае становішча ў Польшчы, уведзенае 13-га снежня 1981 года, было нязгоднае з тагачаснай Канстытуцыяй Польскай Народнай Рэспублікі. Канчаткова яно было ліквідавана 22-га ліпеня 1983 года. Больш пра тыя падзеі слухайце ў сённяшняй перадачы „Мы бачым”.

Беларускае Радыё Рацыя