Яўген Мірановіч: Сучасныя меркі прыкладаюць да XIX стагоддзя
Сёння – дзень народзінаў Сакрата Яновіча. Беларускі і польскі пісьменнік і публіцыст нарадзіўся ў 1936 годзе ў Крынках на Падляшшы. Яновіч – вядомы майстар лірычных мініяцюр, напісаных паэтычнай прозай, аўтар трох дзясяткаў кніг. У цэнтры яго творчасці – нацыянальная праблематыка, і самасвядомасць беларусаў. Акурат у Крынках завяршыўся 18-ы “Беларускі Трыялог” – мерапрыемства, якое ініцыяваў Сакрат Яновіч.
Сёлета дыскутавалі на тэму “Litwo. Ojczyzno moja”.
Сярод удзельнікаў прафесар Яўген Мірановіч з беластоцкага ўніверсітэта:
– Праблема ў тым, што пра тую Літву, пра якую пісаў Міцкевіч, сёння ўсе думаюць з пункту гледжання сваіх нацыянальных інтарэсаў, прыкладаюць сучасныя меркі да XIX стагоддзя. Міцкевіч пісаў пра Літву, як пра адну з правінцый Рэчы Паспалітай, так ён гэта бачыў. Тая Літва, якая бачыцца сёння рознымі прадстаўнікамі розных народаў, розных навук і нават літаратуры у нацыянальных катэгорыях, гэта не мае ніякай сувязі з той Літвой.
Акрамя дыскусій, у межах “Беларускага Трыялогу” адбыўся паказ спектакля, выстава і канцэрты. Удзельнікі таксама наведалі магілу Сакрата Яновіча, які пахаваны на мясцовых могілках у родных Крынках
Беларускае Радыё Рацыя