Яўген Валошын: Беларускім журналістам трэба таксама быць ва Украіне
Былы журналіст „Белсата” Яўген Валошын працуе ва Украіне і вядзе на YouTube канал „Пара!”.
Ужо з’явілася некалькі пілотных выпускаў, але па словах Яўгена, тое, „што з’яўляецца на канале сёння — 5% ад нашых магчымасцяў”.
Яўген Валошын тлумачыць, чаму беларускія журналісты павінны быць таксама ва Украіне:
– Беларускія журналісты павінны ва Украіне бываць, сачыць за падзеямі, дыхаць мясцовым паветрам. Тым больш, што там у нас ёсць парамілітарныя вайсковыя суб’екты. Увогуле хада беларускай гісторыі ў многім залежыць ад Украіны. Таму паўстала ідэя, што мы павінны там быць абавязкова ў такі гістарычны час і стварыць там студыйны праект, рабіць рэпартажы і развівацца, як беларусацэнтрычнае медыя.
Па яго словах, на канале „Пара!” можна знайсці шмат цікавых размоў:
– Апошняе відэа з вайсковым экспертам Жданавым, менавіта ракурс на Беларусь. Эксперт канкрэтна тлумачыць, якія наступствы ўкраінскага контрнаступу, які будзе ўплыў на Беларусь, якіх сцэнароў варта чакаць. Узважаная такая была гутарка і ўсё раскладзена па паліцах. І так мы ва Украіне, але мы бачым, што хутка пачнуцца сур’ёзныя трансфармацыі або радыкальныя перамены.
Журналіст кажа, што іх канал вельмі ўдзячны валанцёрам і палку Каліноўскага. На дадзены момант праект шукае фінансаванне, бо на дадзены момант гэта „СМІ з нулявым бюджэтам”.
Беларускае Радыё Рацыя