Яўген Вапа: Беларуская культура бязмежная
Два беларускія пісьменнікі з Падляшша сталі намінантамі прэстыжных літаратурных прэмій Беларусі. У кароткім спісе прэтэндэнтаў на прэмію Наталлі Арсенневай апынулася кніга Надзеі Артымовіч „Краявід з невідочнай памылкай”. А сярод кніг, адабраных у кароткі спіс прэтэндэнтаў на Прэмію Гедройца, „Поўня” Міхала Андрасюка.
Абедзве кнігі ўбачылі свет у выдавецтве Праграмная рада тыднёвіка „Ніва” пры падтрымцы Беларускага Радыё Рацыя. Кажа галоўны рэдактар тыднёвіка „Ніва” Яўген Вапа:
– Гэта ўжо 54-55 кніжкі на нашай палічцы выдавецтва „Ніва”. Кніжка Надзеі Артымовіч 54-я, а Міхася Андрасюка 55-я. Маем „Поўню” і лічбу 55. Мы на гэтыя кніжкі чакалі доўгія гады. Адзін пісьменнік і другая пісьменніца-паэтэса працуюць над словам, не спяшаюцца. Літаратура ўзнікае ў слуханні, адчуванні кожнага гуку, кожнага слова, кожнага сказу. Пашпартам беларускасці з’яўляецца беларускае слова Надзеі Артымовіч. Артымовіч нікуды не выязджае за мяжу, яна жыве толькі Бельску Падляшскім. Беларускасць і яе Бельск Падляшскі з’яўляюцца эпіцэнтрам свету. Такі самы свет мы можам перанесці і шпацыруючы вуліцамі Бельска ўявіць вуліцы Гародні, вуліцы Ліды, Берасця, Ваўкавыска, Нарвы, Нараўкі, можам учытвацца, услухоўвацца ў тое яе вандраванне слова. Надзея Артымовіч гэтым словам прымушае ўглядацца ў сябе, жыць з самім сабою, са сваімі думкамі.
Міхал Андрасюк сваёй памяццю пра жыццё мае тую свядомасць, якая засталася пабачанымі ўжо ўяўленнямі, вобразамі, словамі таго кавалачку беларускага свету, які занікаў у нас ад 60-х гадоў. Міхал Андрасюк трывала запісаў беларускі свет, беларускую душу. Адбыўся матч за нашу памяць, каб яна не знікла.
Гэтыя аўтары, гэтыя кніжкі з’яўляюцца важнымі не толькі для нашай агульнабеларускай літаратуры, але і для агульнапольскай, агульнаеўрапейскай, сусветнай літаратуры. Я гэтых словаў не баюся, бо беларуская літаратура з’яўляецца бязмежнай і беларуская культура бязмежная. Таксама, як нашыя папярэднікі, якія выдавалі беларускія кніжкі і стваралі літаратурны рух на Беласточчыне, яны ўсе лічылі, што мы належым да адной агульнабеларускай літаратуры. Сёння можна сказаць, што гэтыя кніжкі, нягледзячы на існаваўшую раней „жалезную заслону”, а цяпер „папяровая заслона”, якая ёсць, яны ізноў вельмі моцна, выразна раз і назаўсёды знітавалі адну культурную прастору, прастору беларусаў, якія жывуць у Польшчы, з агульна беларускай прасторай. Гэта кніга ўніверсальна беларуская, універсальна чалавечая. Наша выдавецкая прысутнасць з’яўляецца відавочнай тым, што кожныя семінарыі „Бязмежжа” і нашыя сустрэчы, дзе мы заўсёды прэзентуем беларускую літаратуру з Беласточчыны, трапляе ў Беларусь, трапляе ў часопіс „Дзеяслоў” – найбольш прэстыжны часопіс, дзе друкуюцца нашы паэты, пісьменнікі, трапляе ў іншыя выданні, трапляе ў кнігарні, трапляе ў бібліятэкі.
Але калі гаварыць пра кнігу Надзеі Артымовіч „Краявід з невідочнай памылкай” і кнігу Міхала Андрасюка „Поўня”, яны ў шорт-лісце гэтых дзвюх прэмій, то для нас проста радасць і задавальненне, што чытаць і пісаць тут мы яшчэ ўмеем.
Сёлета ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі 2019 года адбудзецца 10 верасня ў Менскім кафэ „Грай”, а ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі Ежы Гедройца – 25 верасня ў сталічным Палацы мастацтваў.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Гутарыла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя