Яўген Вапа: Духоўныя рэчы вышэй усіх пандэмій!
Упершыню ў найноўшай гісторыі на Беласточчыне, у сувязі з пандэміяй каронавіруса, не прайшлі масавыя мерапрыемствы з нагоды ўгодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Кажа кіраўнік Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа:
– Мы памятаем, адзначаем самае важнае жыццятворчае палітычнае здарэнне пачатку 20-га стагоддзя – вяртанне Беларусі, як незалежнай дзяржавы, на сусветную мапу Еўропы і свету. Гэта тая падзея, якая адбылася нягледзячы на ўсе абставіны, на ўвесь трагізм вайны і эпідэмій. Людзі, якія ішлі змагацца за Бацькаўшчыну, яны не думалі пра небяспеку эпідэміі. Яны думалі як абараніць незалежнасць. А духоўная рэч – гэта тое, што вышэй усіх пандэмій. Мы не вечныя ў гэтым свеце, але захаваць і адрадзіць Бацькаўшчыну – гэта ёсць той запавет, які на нас ляжыць абавязкам.
Пазней быў крывавы тэрор у Савецкім Саюзе, была забарона святкавання ў Польшчы, нямецкая акупацыя, зноў савецкі перыяд, калі існавала забарона на тое, каб гаварыць пра БНР, але ўсё адно гэта памяць захоўвалася. Трэба, каб Беларусь была незалежнай. Трэба перадаваць гэтыя ідэі наступным пакаленням – гэта тое, што мы можам рабіць.
Нашы прадзеды перажылі Першую сусветную вайну і бежанства, нашы дзяды Другую сусветную вайну, а таксама бальшавіцкія парадкі. Што запомніцца маладому пакаленню? Напэўна гэтым будзе пандэмія каронавіруса, якая станецца такой псіхалагічнай траўмай. Погляд людзей на сваё быццё ў гэтым свеце і жыцці напэўна зменіцца, бо пераасэнсаванне каштоўнасцяў напэўна будзе адбывацца.
Трэба адказваць за людзей, святкуючы 25 сакавіка, берагчы людзей дзеля будучыні. Формы святкавання змяняюцца, дзякуючы віртуальнаму свету, а перадусім электронным СМІ. Сітуацыя змяняецца, мы не можам дакладна сказаць, што будзе ў сувязі са склаўшайся сітуацыяй. Дакладна можна сказаць толькі тое, што 102-я ўгодкі абвешчання БНР адзначаюцца беларусамі ва ўсім свеце. І гэта ёсць такой упэўненасцю, што мы тое зрабілі і мы існуем.
На Беласточчыне таксама ёсць дастаткова працяглая традыцыя святкавання 25 Сакавіка?!
На Беласточчыне традыцыя адзначэння 25-га сакавіка існуе з паловы 1980-ых гадоў, але сёння яна сутыкнулася з новымі выклікамі. Звычайна мы заранёў мелі падрыхтаваную праграму. Успышка каронавіруса збіла планы і мы яшчэ да забаронаў розных аднагалосна вырашылі, што не можам рызыкаваць здароўем людзей. Потым адпалі і іншыя варыянты ў звязку з абвастрэннем сітуацыі і забаронамі, у прыватнасці ўскладанне кветак на магілы беларускіх дзеячоў. Але мяне цешыць, што здаровы сэнс быцця перамагае ўсё іншае, што ёсць. Нам трэба мець сілы , каб было за што і за каго змагацца, каго і што ўшаноўваць. Сёння мы можам нашымі думкамі, ідэяямі быць у свабодным эфіры. І гэта ёсць таксама перамогай ідэй Беларускай Народнай Рэспублікі як незалежнага беларускага думання. Можам распавядаць пра БНР для дзясяткаў тысяч людзей, дзякуючы нашаму радыё, дзякуючы іншым медыям, інтэрнэт-прасторы.
Поўнасцю гутарку слухайце тут:
Беларускае Радыё Рацыя