Яўген Вапа: Многія хацелі б, каб мы сышлі да рэгіяналізму
„Іншыя народы доўга выбіваліся з „хваробы” этнаграфізму”, – адзначае старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа:
– 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта вельмі важная падзея для беларускай меншасці ў Польшчы. Нягледзячы на розныя антыбеларускія і крызісныя сітуацыі, якія адбываюцца ў самой Беларусі, ушанаванне і ўзгадка пра тыя важныя падзеі з’яўляецца нашым абавязкам. Зараз у свеце жорны гісторыі так хутка меляць тых, хто не дбае пра сваю гісторыю. Быць без роду і без племені – гэта першая прыкмета рабства. Беларусам можна быць і пад Бобрай ды Драгічынам над Бугам, можна быць беларусам і ў Полацку ды Менску. Можна жыць у розных дзяржавах, напрыклад, Літве ці Латвіі. Быць беларусам палітычным і гістарычным дае значна больш шансаў на аборону. Многія хацелі б, каб мы сышлі да рэгіяналізму і этнаграфізму. Іншыя народы доўга выбіваліся з „хваробы” этнаграфізму і рэгіяналізму. Стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі паказала адно, што беларусы – гэта не жменька людзей, якія жывуць у розных месцах. Межы этнагарафічнай Беларусі маглі б быць не меншымі за межы палітычнай Беларусі.
Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя
