Яўген Вапа: Не аднаразовая кампанія, а сталая праца
Больш моваў нацыянальных і этнічных меншасцяў – рэкламную кампанію пад такой назвай у верасні і кастрычніку будзе праводзіць польскае Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі. Праз брашуры, улёткі і інтэрнэт-старонку польскія чыноўнікі хочуць заахвоціць органы самакіравання, бацькоў школьнікаў ды прадстаўнікоў меншасцяў актыўней карыстацца роднай мовай у штодзённым жыцці. Баюся, што аднаразавая кампанія не прынясе вялікага плёну, адзначае ў гутарцы са Змітром Косціным старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа.
– Калі гаварыць пра патрэбы данесці тое, што ў Польшчы ёсць законы, якія гарантуюць нацыянальным меншасцям права на свабоднае абслугоўванне мовай, таксама і ў вымярэнні графічным, гэта значыць двухмоўныя назвы, гэта могуць быць і рэкламныя надпісы, і ў адміністрацыйным карыстанні, пра гэта вядома даўно. Шкада толькі, што выкананне законаў не заўсёды залежыць ад людзей. Калі Польшча прымала гэтыя законы, то трэба было органам дзяржаўнай адміністрацыі данесці гэтыя веды на тыя ўзроўні, якія за гэта адказваюць, гэта значыць, дзяржаўнай адміністрацыі на ўзроўні ваяводства і самаўрадавай адміністрацыі. Я згадваю, як у час сустрэчаў з прадстаўнікамі Варшавы, розных міністэрстваў, я, як старшыня Беларускага саюза, заўсёды прасіў пра адно: законы законамі, але ці можна для усіх самааўрадаўцаў зрабіць навучанне пра тое, што ёсць двухмоўныя назвы, і якія правы гарантуюць грамадзянам на той тэрыторыі, дзе пражываюць меншасці, каб гэтыя ўсе войты былі абучаныя. Заўсёды ў адказ была поўная цішыня. Тут для мяне самае галоўнае, што трэба данесці да самаўрадаў гэтую інфармацыю – лепш позна, чым ніколі. А з іншага боку, сёння вельмі неспрыяльны перыяд, бо маем выбарчую кампанію ў самакіраванне ў нашай дзяржаве. Вядома, што ўсе справы, звязаныя з двухмоўнымі назвамі ў нас у ваяводстве, ці з правамі нацыянальных меншасцяў, будуць проста замятацца пад дыван і пра іх не будуць згадваць. Можна пачакаць яшчэ два месяцы, пакуль будзе выбраная новая ўлада, калі ўлада зменіцца ва ўсіх гэтых гмінах. Бо новым дэпутатам, новым войтам, новым бургамістрам можна тады і данесці тую справу. Я быў бы прыхільнікам таго, каб у дачыненні да самаўрадаў гэтая акцыя адбылася пасля мясцовых выбараў у Польшчы.
Кар.: Таксама і заахвочваннем бацькоў накіроўваць дзяцей на вывучэнне роднай мовы, мовы нацыянальнай меншасці, бо дзіўна выглядае – год пачаўся, але ж заявы ў школу падаюцца ў красавіку.
– Відаць тут іншы цыкл працы – працы да канікулаў і пасля канікулаў. І вось пасляканікульныя планы ёсць такія, што мусім выканаць тыя задачы, якія перад намі пастаўлены. А як яны стасуюцца з натуральным календарным жыццём-быццё – часта забываецца. А ўвогуле я лічу, што гэта не павінна быць аднаразовая акцыя. Яна павінна ісці ўвесь час. Бо ёсць шмат людзей, якім трэба гэта данесці. Але перадусім гэта павінна быць адукацыйная справа для адміністрацыйна-дзяржаўных установаў большасці. Гэта яны павінны быць адукаваныя, ім павінны быць данесены правы і абавязкі грамадзянаў Польшчы, якія з’яўляюцца нацыянальнымі меншасцямі. А калі пойдуць прыклады таго, што з’явяцца двухмоўныя назвы, і, напрыклад, калі маем, што ў гміне Міхалова зараз амаль 110 дзяцей вучацца беларускай мове, то мне здаецца, што на гэтым справа не спыніцца. Калі бургамістр сказаў “а”, то скажа “б”. І можа таксама пачне ўводзіць двухмоўныя назвы. Але ці ён гэта захоча, ці не – то гэтаму не дапамогуць ніякія просьбы, улёткі і штосьці такое іншае. Усё залежыць ад разумення сітуацыі, што існаванне нашай меншасці мусіць адбывацца ў прасторы, якая ахоплівае сабой культуру, адміністрацыю, асвету, медыя – тады яна поўная.
Кар.: Вы гаворыце пра гэтыя сустрэчы, навучанні, але з тых планаў, якія ёсць, гэта ўсяго толькі буклеты. Вядома, якое стаўленне людзей да буклетаў – вісіць, ляжыць, узяў, паглядзеў, выкінуў і забыў.
– Таму, я лічу, і гэта мой голас у той дыскусіі, маё меркаванне, я лічу, што самым галоўным ёсць праца з органамі тэрытарыяльнага самакіравання, бо яны зараз нясуць адказнасць за лёсы малых айчынаў, і ў гэтай справе павінен быць сур’ёзна распрацаваны план не трох сустрэчаў, а шматгадовай працы з новаабранымі тэрытарыльнымі самакіраваннямі.
Польскае заканадаўства дазваляе ўводзіць дадатковую мову камунікацыі ў органах самакіравання і дзвюхмоўныя шыльды ў тых гмінах, дзе нацыянальная меншасць складае 20 і больш адсоткаў жыхароў. Паводле апошняга перапісу насельніцтва Польшчы, у 9 гмінах на Падляшшы колькасць беларусаў перавышае 20 працэнтаў. З іх у 5 гмінах беларуская мова мае статус дадатковай мовы працы органаў самакіравання. Дзвюхмоўныя дарожныя знакі з’явіліся пакуль толькі ў гміне Орля.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя.