Яўген Вапа: Падляшскае ваяводства могуць чакаць вялікія змены



Падляшскае ваяводства могуць чакаць вялікія змены. Так вынікі мясцовых выбараў каментуе старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы – Яўген Вапа.

Паводле афіцыйных вынікаў, у ваяводскім сейміку большасць месцаў зоймуць прадстаўнікі кіроўнай партыі “Права і Справядлівасць” – 16 мандатаў. У Грамадзянскай кааліцыі – 9 мандатаў і ў Польскай сялянскай партыі – 5. Да гэтага часу большасць у сейміку мела кааліцыя “Грамадзянскай платформы” і Польскай сялянскай партыі. Кажа Яўген Вапа:

– Самастойнае кіраванне “Правам і Справядлівасцю” ў маштабе Падляшскага ваяводства абазначае, зразумела, кадравыя змены. Ідзе пра тое, якая будзе палітыка ў маштабе менавіта супрацы транспамежнай, супрацы з Беларуссю.

Як кажа Яўген Вапа, найбольшай неспадзяванкай для яго сталі выбары войта гміны Орля, дзе страціў сваю пасаду Пятро Сэльвэсюк, прайграўшы ў першым туры свайму канкурэнту – Леону Павлючуку:

– Гміна Орля, якая мела добрага гаспадара і якая пайшла ўгару з увядзеннем беларускіх назваў, а гэта адзіны войт, які адважыўся на гэта, тут мае адну праблему – паглядзім, ці накопленае цягам пяці гадоў дасць новыя імпульсы.

Аднак самае галоўнае, дадае старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, гэта тое, што выбары праходзілі згодна дэмакратычных прынцыпаў і паказалі, што людзі могуць рэальна ўплываць на жыццё ў сваіх мясцовасцях.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя