Яўген Вапа прадставіў праграму святкавання 25 сакавіка на Беласточчыне
25 сакавіка беларусы адзначаюць вялікую гістарычную дату – Дзень Волі. У гэты дзень была абвешчана незалежная дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка. На сённяшні дзень месцы памяці, звязаныя з дзеячамі БНР, размешчаны па абодва бакі беларуска-польскай мяжы. Ва ўмовах пандэміі жыхары Польшчы могуць наведаць тыя месцы, каб аддаць даніну памяці дзеячам беларускай незалежнасці.
Праграму святкавання 25 сакавіка на Падляшшы прадставіў старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:
– Святкаванні ў Беластоку ўжо другі год маюць крыху іншы характар, які звязаны з пандэміяй. Яны маюць збольшага віртуальны характар, што вынікае з абавязваючых законаў. Мы ніколі да канца не ведаем, што можа здарыцца цягам найбліжэйшых дзён. Пакуль на гэтым тыдні далейшых абвастрэнняў не будзе. Таму мы арганізуем на Падляшшы ўскладанне кветак у тых месцах, якія звязаныя з людзьмі, якія адзначыліся ў гісторыі, у агульнабеларускай прасторы, як і ў беларускай нацыянальнай меншасці. 25-га ў 12-ць гадзін у Бельску Падляшскім адбудзецца ўскладанне кветак на магіле Яраслава Кастыцэвіча, гэта ганаровы патрон пачатковай школы №3 з навучаннем беларускай мовы ў Бельску Падляшскім. Ён чалавек легенда, стваральнік беларускага школьніцтва на Беласточчыне, а таксама змагар за жыццё беларускай ідэі ў 1918-20 гг. Гэта чалавек, які для беларускасці Бельска і ваколіц зрабіў неверагодны ўнёсак. Таксама адзначаем а 14-й гадзіне ў Супраслі, дзе будзе ўскладанне кветак на магіле Веры Маслоўскай. Вера Маслоўская, псеўданім „Мурашка” – гэта вынікае з яе характару і працы, якую яна рабіла. Яна хацела вывучыцца на настаўніцу беларускай мовы, скончыла гімназію ў Свіслачы, стварыла першую беларускую школу падчас Першай сусветнай вайны ў вёсцы Грабавец у гміне Дубічы Царкоўныя. Гэта мая родная гміна, гэта непадалёк ад мяне. Гэта першая беларуская школа, гэта заслуга Веры Маслоўскай. Потым у час рэвалюцыйных падзеяў, як эсэрка змагалася і ўвесь час мела на мэце ідэю стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пахавана на могілках у Супраслі. бо яна родам з Агароднічак, што каля Супрасля. У 15-ць плануем ускласці кветкі перад Следчым арыштам у Беластоку. Гэта ранейшая турма ў Беластоку, якая мае сваю гісторыю, для многіх сумную. Менавіта там, паводле гісторыкаў, у 1939 годзе, або ў 1940 у гэтую турму быў прывезены з Вільні стваральнік слоў гімну „Мы выйдзем шчыльнымі радамі” БНР Макар Краўцоў. Паводле звестак, ён быў там закатаваны. Мы хочам ускласці там кветкі. Пасля а 16-й будзе арганізаваны пікет перад консульствам у Беластоку. Пазней адбудзецца інфармацыйны пікет прысвечаны БНР на Рынку Касцюшкі. У 17.05 пачнецца канцэрт знакамітага барда, паэта Эдуарда Акуліна ў эфіры Беларускага Радыё Рацыя. У пятніцу адбудзецца вельмі важная падзея – гэта анлайн-канцэрт у тэатры лялек, а 18.00 выступіць гурт Naviband. Гэта тое, што павінна нас яднаць і нагадваць пра сілу беларусаў у мінулым ды сёння. Гэта таксама павага для тых людзей, якія выкоўваюць незалежную Беларусь праз пераслед, турмы і нават смерці. Гэта выкоўванне новай Беларусі 21-га стагоддзя.
Цалка гутарку слухайце ў далучаным файле:
„Беларускае Радыё Рацыя” запрашае сваіх слухачоў таксама наведаць месцы памяці БНР на Падляшшы, як непасрэдна 25 сакавіка, так і пазней.
Беларускае Радыё Рацыя