Яўген Вапа: Скрасці беларускія мары (5), або Падзеі з надзеяй
„Ой, проста аж працаваць усім у садку хочацца з усмешкай на твары. Сёння я бачыла пасля звыш месяца нерваў і задаволеных нашых бацькоў”, — не скрывае радасці ў голасе дырэктарка Самаўрадавага прадшколля №14 Луцыя Неміровіч у тэлефоннай размове са мною ў мінулую сераду вечарам, калі стала вядома, што прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі на супольнай прэс-канферэнцыі з Алегам Латышонкам, прадстаўніком беларускіх арганізацый і Сцяпанам Нікіцюком, праваслаўным радным, адмовіўся пакуль ад вынясення на галасаванне Гарадской рады праекта пастановы пра аб’яднанне вышэйзгаданага садка з беларускімі групамі пачатковай школы № 4, дзе вядзецца факультатыўнае навучанне беларускай мове. Аднак не да ўсмешак бацькам і настаўнікам было асабліва ў панядзелак, 14 лютага. Тады, яшчэ перад размовамі з прэзідэнтам, дырэкцыі прадшколля і школы атрымалі пісьмо з аддзела адукацыі Гарадской управы з паведамленнем, што аб’яднанне абедзвюх устаноў непазбежнае, і загадам данесці гэтую пазіцыю да ведама бацькоў. Гэтага мы яшчэ не ведалі, калі здавалі ў друкарню папярэдні нумар «Нівы». Затое нервы, эмоцыі і ціск пайшлі ўсім небяспечна ўгару. Аднак станоўчае паведамленне ад нашых прадстаўнікоў на размовы (былі імі Алег Латышонак, Анатоль Вап, Яраслаў Вердоні і негацыятар з нашай пазіцыяй Ігар Лукашук), суцішыў нашы сэрцы, аднак з няўпэўненасцю трэба было чакаць серады.
І вось серада, 16 лютага, 11 гадзіна дня. Сяджу перад камп’ютарам, слухаю і ўглядаюся ў прамую трансляцыю прэс-канферэнцыі з прэзідэнцкага палацыка ў Беластоку, што па вуліцы Кілінскага. На бягу абменьваемся з сябрамі думкамі ад пачутага і пабачанага. І ўрэшце… з вуснаў прэзідэнта выходзяць тыя словы, якіх мы чакалі здаўна. Не будзе Тадэвуш Трускаляскі ўносіць праекта пастановы пра аб’яданне. Улады горада паспрабуюць вярнуцца да тэмы стварэння комплексу школы і садка пры ўмове жадання бацькоў, дзеці якіх вывучаюць беларускую мову. Таксама былі агучаны планы па спрыянні агульнаму вывучэнню беларускай мовы і пошуку горадам сродкаў для правядзення рамонту будынкаў гэтых дзвюх асветных устаноў вельмі важных і патрэбных для існавання беларускасці ў сталіцы Падляшскага ваяводства.
— Гэта поспех, але не назваў бы я яго перамогай, мы проста дамовіліся, — пракаментаваў на прэс-канферэнцыі ход падзей прафесар Алег Латышонак. — Трэба сказаць, што прэзідэнт нарэшце прысвяціў нам вельмі многа часу, усе справы высветлілі. Прэзідэнт адмовіўся ад ініцыятывы аб’яднання і гэта было першым крокам да далейшых размоў. У такім сэнсе гэта наш поспех. Наша асяроддзе, плюс польскія сябры, якія далучыліся, даюць надзею, што ў горадзе нашы справы будуць паспяхова вырашацца.
У кантэксце слоў выказаных адначасна і бацькам вучня школы № 4 Алегам Латышонкам, тут трэба абавязкова згадаць вельмі важны момант самаарганізацыі пратэстоўцаў. Не было б нашай арганізаванасці, калі б не фантастычная, кругласутачная праца цягам тыдняў Юліты і Міхала Сцепанюкоў, якія ў змаганне за беларускасць і раздзельнасць садка, які наведвае іх сынок Міколка, зрабілі ўсё на тысячу адсоткаў. Ад мяне асабіста, але думаю што ад усіх, каму дабро садка і школы ляжалі на душы, падзякую Вам за тое, што называецца проста беларускай годнасцю. Дзякуй за гэты ўрок беларускасці ўсім нам тут, на Беласточчыне, і па‑за яе межамі!
Тут таксама сыграў сваю ролю грамадскі фактар падтрымкі з боку неабыякавых людзей (пад дзвюма петыцыямі супраць аб’яднання падпісалася больш за паўтары тысячы асоб), важнасць сілы дапамогі з боку Форуму меншасці Падляшша, а таксама падтрымка для такога пратэсту з боку клубаў радных Гарадской рады. Гэта клуб Права і справядлівасці — 12 асоб. Пра гэта задэклараваў старшыня клуба Генрык Дэмбоўскі і радная Катажына Семянюк. Таксама прадстаўніца клуба — настаўніца Агнешка Жашэўская ад самога пачатку заўзята крытыкавала ініцыятыву прэзідэнта. Таксама за пратэстам бацькоў выказаўся і клуб з двух чалавек Польшча-2050. Гадзіну раней перад канферэнцыяй прэзідэнта радныя з гэтай групоўкі Мацей Бярнацкі і Тамаш Каліноўскі зладзілі сваю прэс-канферэнцыю перад садком і звярнулі ўвагу на адну вельмі важную справу ў пратэсце бацькоў — даць магчымасць навучання беларускай мове ў пачатковай школе № 4 дзецям грамадзян Беларусі, якія апынуліся ў Беластоку, паколькі паводле польскага заканадаўства не з’яўляюцца яны беларускай нацыянальнай меншасцю. І самаўрад, ведаючы справу больш за паўтара года, маўчаў і нічога не рабіў у гэтай справе. Пра тую праблему больш падрабязна пісаў я ў папярэднім нумары «Нівы». Радны Каліноўскі выказаў тады для Радыё Рацыя наступныя словы: «Сёння беларуская апазіцыя знаходзіцца ў цяні канфлікту ва Украіне. Сітуацыя вельмі драматычная. Шмат людзей уцякаюць з краіны. Яны шукаюць для сябе новага месца для жыцця, каб перачакаць, альбо застацца назаўжды. Беласток мог бы стаць такім месцам для іх. Гэта працавітыя людзі, выдатна адукаваныя. Яны маглі б тут пасяліцца і вельмі шмат добрага ўнесці ў развіццё нашага горада, нашага грамадства».
Па калідорах гарадскога магістрата хадзілі чуткі, што нават некаторыя радныя з прапрэзідэнцкага клуба Грамадзянскай кааліцыі могуць таксама прагаласаваць супраць прапановы Тадэвуша Трускаляскага. А тады нават не эканамісту відаць, што матэматычны рахунак такога галасавання абернецца супраць кіраўніка горада. І менавіта гэты фактар быў добра вядомы дзейнаму прэзідэнту горада, якому недаспадобы была б такая спектакулярная параза на гарадскім форуме. І таксама гэта абавязкова трэба ўлічыць, чаму такое, а не іншае рашэнне спадара Трускаляскага. Супраць аб’яднання садка і школы адкрыта выступаў шматгадовы лідар Грамадзянскай платформы, пасол Сейма Роберт Тышкевіч: «Я прашу не прымаць рашэння пра аб’яднанне беларускага прадшколля з пачатковай школай. Лічу, што гэта дрэнная практыка і памылка. Лічу, што еўрапейскай і польскай практыкай з’яўляецца захаванне інтэгральнасці адукацыйных устаноў нацыянальных меншасцей. Гэта прынцып, якога Польшча дамагаецца ад сваіх замежных партнёраў. Мы заўсёды пратэставалі, калі іншыя краіны хацелі аб’яднаць польскія школы з дзяржаўнымі ўстановамі. Я лічу, што было б вельмі дрэнна, калі б гэта адбылося ў Беластоку».
На шчасце, пакуль крызіс спынены з надзеяй на вырашэнне набалелых праблем дарогай размоў паміж прэзідэнтам і прадстаўнікамі бацькоў і беларускіх арганізацый. Паводле неафіцыйных звестак да такой сустрэчы мае ўжо дайсці ў пачатку сакавіка. Трэба спадзявацца, што дэклараваная добрая воля не застанецца толькі ў сферы вербальных абяцанняў, выказаных толькі на патрэбы медыяльнай прэс-канферэнцыі.
Яўген ВАПА
„Ніва”, №9, 2022 г.
Пра развіццё падзей вакол беларускага школьніцтва ў Беластоку чытайце ў ранейшых артыкулах: