Яўген Вапа: Спрыяць пашырэнню беларускасці
Нацыянальныя меншасці Польшчы атрымалі пералік датацый на 2015 год ад Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі.
“Пакуль яшчэ не падлічана, колькі атрымалі паасобныя меншасці”, – адзначае старшыня праграмнай рады тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўген Вапа.
Сама “Ніва” атрымоўвае грошы штогод на тыя самыя праекты, хоць квота датацый за апошнія 6-7 гадоў змяншалася, а сёлета былі нават пэўныя складанасці ў выданні газеты.
На наступны год “Ніва” атрымае крыху больш сродкаў:
– На жаль, гэтыя сродкі не дазваляюць расхінуць крылы, думаць пра новы дызайн, думаць па новае ўсё – бо гэта ўсё справы ад друкарні да рэкламных акцыяў. Але крылы тут не разгарнеш, трэба думаць пра сітуацыю на чытальніцкім рынку, калі генеральна ўсе і польскія газеты ідуць уніз, калі ідзе пра чытанне.
Яўген Вапа выказвае шкадаванне ў сувязі з тым, што ў Міністэрстве не знайшлі грошай на правядзенне традыцыйных Трыялогаў у Крынках, якія ў свой час запачаткаваў Сакрат Яновіч. Аднак радуецца, што ўрэшце ёсць сродкі на рамонт для беларускага музея:
– Беларускі музей у Гайнаўцы ўрэшце атрымаў сродкі, каб рамантаваць дах, які працякае. І гэта добра, бо можна рабіць выставы, бо калі дах цячэ, які ў гэтым сэнс? І колькасць мерапрыемстваў у музеі ў Гайнаўцы не зменшылася, а з’яўляецца сістэматычнай.І мерапрыемствы гэтыя прыносяць радасць людзям, якія там жывуць.
“Адзначаецца разнастайнасць дзейнасці беларускай нацыянальнай меншасці, цяпер галоўнае, каб гэтая дзейнасць спрыяла пашырэнню беларускасці і зацікаўленню словам чытаным і пісаным”, – дадае Яўген Вапа.
Ён канстатуе, што актыўнасць беларускай нацменшасці не спадае, а наадварот узрастае.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя