Яўген Вапа сустрэўся з гайнаўскай моладдзю



У Беларускім музеі ў Гайнаўцы прайшла сустрэча з Яўгенам Вапам.

Галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” ды кіраўнік нашага радыё сустрэўся з моладдзю з беларускага ліцэя. Госць, між іншым, заахвочваў да ўдзелу ў беларускім жыцці Гайнаўкі, на якое працавалі пакаленні беларусаў.

Яўген Вапа таксама выпускнік гайнаўскага ліцэя, таму сустрэча з ім была для вучняў асаблівая, кажа настаўнік Ян Карчэўскі.

– Прозвішча Яўген Вапа ім асацыюецца менавіта з “Нівай”, хоць толькі ў першым класе пастаянна атрымліваюць “Ніву”. Такія сустрэчы мы стараемся ладзіць час ад часу: або прыходзім у Беларускі музей, або праводзім іх у нашай школе. Яны вельмі карысныя, каб сфармаваць нейкія погляды маладых людзей і каб пазнаёміць іх з нашым беларускім асяроддзем.

Сустрэча з Яўгенам Вапам прайшла ў рамках цыклу „Кірыліцай пісанае”. Чарговым госцем Беларускага музея ў Гайнаўцы будзе журналістка тыднёвіка „Ніва” Ганна Кандрацюк-Свярубская.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі