Яўген Вапа: Святкаваць Дзень Волі для нас – гэта выратоўваць і дапамагаць самім сабе



Сённяшні госць Рацыі – прадстаўнік арганізацыйнага камітэта па святкаванні Дня Волі ў Беластоку, старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа.

РР: Якім будзе Дзень Волі–2019 на Беласточчыне?

Яўген Вапа: Беларусы Беласточчыны ўжо 30 гадоў святкуюць гэтае свята. Мы лічым, што традыцыя павінна быць. 101-ая гадавіна не дае нам права на адпачынак, а наадварот – гэта тая дата, якая вымагае ад нас таго часу і той нашай памяці, каб адудзячыць усім тым, хто змагаўся за незалежнасць думкі, за незалежнасць палітычнай дзяржавы, якая называлася Беларуская Народная Рэспубліка. І гэтае памкненне ёсць для нас тым нацыянальным і маральным запаветам, які павінен працягваць кожны беларус.

РР: 30 гадоў – гэта вялікі кавалак часу, за які ўжо вырасла новае пакаленне. Наколькі актыўна яно ўдзельнічае і зацікаўлена ўдзелам у такім святкаванні?

Яўген Вапа: Думаю, менавіта тое, што распачалося ў палове 80-х гадоў падпольна, а пасля ўжо афіцыйна – гэта чарговыя пакаленні, якія святкавалі са сваімі дзецьмі. Цяпер бачым, што нават унукі прыходзяць на гэтыя святкаванні. Таму свята 25 сакавіка мае для нас вялікае значэнне і пашырылася па ўсёй Беласточчыне, у тым ліку праз школы і медыя. Калі ўзгадаем сотую гадавіну БНР, то цягам года ў хатах беларусаў Падляшша красаваўся каляндар «Нівы» са 100-годдзем БНР. Нягледзячы на складанасці, ідэя і дата БНР трапіла пад стрэхі. Здзяйсняюцца пэўныя мары і рэчы. Ідэя дзяржаўнасці і патрэбы беларускай дзяржаўнасці зразумелая для людзей, бо кожны бачыць, што ў сённяшнім свеце дзяржавы – гэта гарантыя для народаў, забеспячэнне і абарона іх правоў. І самае важнае тут – думкі пра будучыню: застацца ў гісторыі як народ, як дзяржава. Гэта самае галоўнае.

Сёння, на жаль, многія, хто ездзяць у Беларусь, сцвярджаюць, што на працягу апошніх звыш 20 гадоў маем дачыненне з пастаянным прасоўваннем русіфікацыі. Калі гаварыць пра выжыванне і далейшае быццё беларусамі, то вось гэтая абсалютная непавага да беларускасці, да роднай мовы ёсць тым важным і, на жаль, сумным фактарам, які у шмат чым нас паслабляе. І таму святкаваць Дзень Волі для нас – гэта выратоўваць і дапамагаць самім сабе. Па-першае, важна было пашырыць нашу гістарычную свядомасць, якая была зрэзаная. Па-другое, зараз менавіта на такіх датах абапіраецца пабудова гістарычнага мыслення сучаснага народа. І калі мы глянем, як выбудоўваецца гісторыя паасобных дзяржаў, то нават тое, што маем сёння на Беласточчыне польска-беларускі сутык наконт гісторыі, сведчыць пра тое, што кожны бок выбудоўвае сваю гістарычную будучыню.

25 сакавіка патрэбны нам, ён ёсць неад’емнай часткай разумення гісторыі і перадавання яе чарговым пакаленням. І маладыя гэта разумеюць. Для нас важна ёсць і тое, што беларусы Беласточчыны былі сярод тых, якія будавалі гэтую дзяржаву. Гэта канкрэтны прыклад: першы прэм’ер БНР Язэп Варонка з Кузніцы Беластоцкай, які пазней мігруе ў Амерыку, дзе працягвае займацца беларускімі справамі. І гэта важна. Бо ўсё гавораць, на якім фоне акт 25 сакавіка дае менавіта тое эмацыянальна-псіхалагічнае пачуццё. І тут мы не горшыя.

Сёлета мы вырашылі, што з наступнымі гадамі святкавання 25 сакавіка гістарычная частка будзе прысвечана чарговаму году. У гэтым годзе прафесар Алег Латышонак будзе гаварыць пра беларускія падзеі 19-га года, у 20-ым годзе будзем гаварыць пра Слуцкае паўстанне. Будзем ісці шляхам паяснення кантэксту таго, што адбывалася.

РР: Калі мы ўжо дайшлі да праграмы святкавання Дня Волі, то ведаю, што яна ўжо ёсць. І пачынаецца традыцыйна з набажэнства.

Яўген Вапа: Так. Як і ў мінулым годзе, у 10 гадзін будзе багаслужба, на якую сардэчна запрашаем. А ў 15 гадзін па вул. Варшаўская, 6 запрашаем у кафэ «Змена клімату», дзе пройдуць урачыстасці, традыцыйнае ўручэнне бел-чырвона-белых букетаў для асобаў, якіх, на думку арганізацыйнага камітэта, варта вылучыць. Думаю, будзе пэўны ўспамін з мінулагодняга святкавання Дня Волі ў Беластоку. І таксама будзе канцэрт барда Андрэя Мельнікава, які сваімі песнямі і настроем, сілай і эмоцыямі ўпісваецца ў такія святкаванні.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя