Яўген Вапа: Святкуем 25-га сакавіка разам
У эфіры нашага радыё пабываў старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа.
РР: Якія мерапрыемствы чакаюць нас на Беласточчыне з нагоды Дня Волі?
– Цягам цэлага тыдня ў Беластоку будуць праходзіць мерапрыемствы звязаныя з гэтай знамянальнай датай у палітычным жыцці беларускага народа. Мы заўсёды перадусім засяроджваемся на тым, каб святкаваць 25-га сакавіка ў той жа самы дзень, які выпадае. Сёлета гэта субота, выходны дзень, таму спадзяёмся, што гэта таксама паспрыяе таму, каб быць разам у гэтыя нялёгкія часы. Менавіта Беларускі саюз у Польшчы разам з „Беларускай дыяспарай Беластока і Беларускім гістарычным таварыствам хоча запрасіць на Рынак Касцюшкі а 14:00. Адбудзецца пікет прымеркаваны да 105-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта наша публічная акцыя, каб быць разам. Мы запрашаем людзей прыходзіць з Беларускай нацыянальнай сімволікай. Лічу, што гэта вельмі важны элемент святкавання, калі мы робім гэта ў публічнай прасторы.
У гэты ж дзень, толькі раней, мы ускладзём кветкі перад Следчым ізалятарам у Беластоку ў гонар Макара Краўцова, аўтара слоў гімну Беларускай Народнай Рэспублікі „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, які паводле гісторыкаў, быў закатаваны савецкімі карнікамі ў сутарэннях беластоцкай турмы. А 15:30 ва Усходнееўрапейскай акадэмія навук прымяняльных па адрасу Цёплая 40, дзе адбудзецца традыцыйны святочны канцэрт з нагоды Дня Волі. Згодна са шматгадовай падляшска-беларускай традыцыяй мы ўручым бел-чырвона-белыя букеты асобам ці прадстаўнікам арганізацый за іх унёсак у беларускасць. Затым будзе зачытаны зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Таксама адбудуцца выступы музыкаў Алега Кабзара ды гурта „Бартосікі”.
Дарагія Беларусы!
25 сакавіка – Дзень Волі!
У гэтым годзе – 105 гадавіна абвяшчэння БНР.
Воля дагэтуль застаецца марай нашага народа, зоркай, да якой імкнуцца нашыя сэрцы, каштоўнасцю, дзеля якой лепшыя з нас ахвяруюць сваёй свабодай і нават сваім жыццём.
Таму, нягледзячы на цемру, што зараз пануе на нашай Радзіме, і насуперак гэтай цемры мы павінны святкаваць Дзень Волі.
25 сакавіка а 14:00 Беларуская Дыяспара Беластока, Беларускі саюз у Польшчы, Беларускае гістарычнае таварыства запрашаюць вас на святочную акцыю з нагоды 105 гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Акцыя адбудзецца на Плошчы Касцюшкі каля помніка Пілсудскаму (Rynek Kościuszki, pomnik Piłsudskiego). Калі ласка, прыходзьце паказаць, колькі нас – тых, хто марыць аб волі для Беларусі і беларусаў!
Будзем вельмі радыя бачыць вас у адзенні колераў нацыянальнага сцяга.
У гэты ж дзень а 15.30 запрашаем на святочны канцэрт, які адбудзецца па адрасе Ciepła, 40 (Wschodnioeuropejska Akademia Nauk Stosowanych).
На канцэрце выступяць у тым ліку Алег Кабзар – бард, оперны спявак, мастак, і сямейны гурт „Бартосікі”: Зміцер Бартосік, гітара, вакал, аўтар песень. Таццяна Карпіловіч, баян. Юстына Карпіловіч, вакал, гітара, аўтарка песень. Геральд Бартосік, вакал.
26 сакавіка запрашаем усіх жадаючых на інтэграцыйны пікнік, які адбудзецца ў Копнай Гуры.
Беларускае Радыё Рацыя