Яўген Вапа: Заклікаем нашую супольнасць запісвацца беларусамі
1 красавіка ў Польшчы распачынецца Нацыянальны перапіс насельніцтва і жытла па стане на 2021 год. Грамадзяне Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, таксама мусяць прыняць удзел у перапісе. Пры гэтым падчас перапісу рэспандэнты павінны адказаць на пытанні нацыянальнай прыналежнасці, мовы і веравызнання.
Пра асаблівасці перапісу беларусаў у Польшчы распавёў старшыня Беларускага Саюзу ў Рэчы Паспалітай, галоўны рэдактар „Беларускага Радыё Рацыя” Яўген Вапа:
– Перапіс насельніцтва, які адбывецца штодзесяць гадоў у Польшчы, павінен паказаць, якія змены адбыліся ў дэмаграфічна-сацыяльнай структуры польскага грамадства. У той жа структуры існуем мы, як беларуская нацыянальная меншасць. І мы заўсёды перад перапісамі заклікаем нашую супольнасць, каб мы запісваліся беларусамі. І гэта вельмі важна зараз, калі наступілі два выразныя працэсы ў жыцці беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы – гэта выміранне значнай часткі нашага арэалу цягам апошніх дзесяці гадоў і, па-другое, рассяленне сярэдняга і маладога пакалення па тэрыторыі ўсёй Польшчы і Еўропы. І таму вельмі важны перапіс насельніцтва праз інтэрнэт. І каб людзі, якія выехалі, запісалі сябе беларусамі. І таму сёння вельмі важныя формы заахвочвання – радыё, тэлебачанне, традыцыйныя лістоўкі. Таму я заахвочваю ўсіх запісацца беларусамі. Бо бачым працэсы моўнай асіміляцыі, якія наступаюць у нашым грамадстве. Гэта не азначае, што калі мы не размаўляем па-беларуску, мы не ёсць беларусамі. Таксама ў выніку змешаных сужонстваў маем розныя дачыненні да вызначэння нацыянальнасці ў дзяцей. Ці будзе магчымасць, як у мінулым перапісе, запісаць прыналежнасць да дзвюх нацыянальнасцяў з дамінуючай першай? Гэта вельмі істотная справа. За дзесяць гадоў паменшылася колькасць людзей, якія запісалі сябе беларусамі. І, на жаль, дэмаграфічныя працэсы паказваюць, што тэндэнцыя працягнецца.
РР: Пасля жнівеньскіх падзеяў адбываецца вялікі прыток беларускага насельніцтва на тэрыторыю Польшчы. На вашую думку, наколькі яны ўпішуцца ў гэтую мясцовасць і які будзе прырост беларускага насельніцтва?
Яўген Вапа: Гэта залежыць ад таго, кім людзі сябе назавуць. На жаль, часта маем справу з тым, што людзі ідэнтыфікуюць сябе з дзяржавай, у якой жывуць. Але жнівеньскія падзеі выразна ўзмацнілі адчуванне сябе беларусамі людзей, якія знаходзяцца на этапе атрымання польскага грамадзянства. Трэба памятаць, што нацыянальныя меншасці, паводле польскага заканадаўства, – гэта тыя, хто пастаянна жыве ў краіне цягам 100 гадоў. Таму мы ёсць беларусы – як нацыянальная этнічная меншасць, бо гэта вынікае з заканадаўства. Мы не былі ні эмігрантамі, ні перасяленцамі. Мы стагоддзямі пражывалі на гэтай зямлі як беларусы. І мы на „Радыё Рацыя” будзем інфармаваць нашых слухачоў пра ўсе пытанні і праблемы, звязаныя з перапісам.
Нацыянальны перапіс насельніцтва і жытла ў Польшчы будзе праводзіцца з 1 красавіка па 30 чэрвеня 2021 году. Такі перапіс праводзіцца кожныя 10 гадоў у краіне.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя