Яўген Янчук: 25 сакавіка – гэта наш сімвал
25 сакавіка а 17.00 у Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы (вул. 3 мая, 42) адбудуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Волі.
РР: Што ў праграме Дня Волі, які адбудзеца у Беларускім музее ў Гайнаўцы?
Яўген Янчук: Гэта мерапрыемства адкрыта для ўсіх, хто захоча, хто мае жаданне ўшанаваць памяць змагароў за незалежнасць Беларусі, шчыра запрашаем. На самым пачатку будзе выступ вядомага гісторыка прафесара Алега Латышонка, які раскажа пра беларусаў з Беласточчыны, якія прымалі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама змагаліся за яе. Потым адбудзецца паказ фільма Радаслава Дамброўскага пра выбітнага беларуса Юры Туронка, пасля якой рэжысёр стужкі зможа адказаць на пытанні. Напрыканцы мерапрыемства адбудзецца выступ вядомага на Беласточчыне барда Алега Кабзара. Вось так у скароце будзе выглядаць праграма сённяшняга вечара.
РР: Чым асабіста для вас з’яўляецца гэты дзень?
Яўген Янчук: Для мяне, як для беларуса Беласточчыны, гэта вялікае свята. Хтосьці сказаў, што калі мы забудзем свае карані, то перастанем існаваць, як нацыя, як людзі. Пашана да гісторыі, пашана да нашых продкаў – гэта вельмі важна для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Для мяне 25 сакавіка – гэта свята, калі я адчуваю сувязь не толькі з маімі блізкімі сябрамі, але і з усёй беларускай грамадой на свеце. Гэта тое, што аб’ядноўвае, 25 сакавіка павінна аб’ядноўваць усіх беларусаў. Не важна, дзе ты жывешь на сённяшні дзень: у Расеі ці Беларусі, Польшчы ці Злучаных Штатах Амерыкі, гэта наш сімвал, сімвал нашай нацыі, вялікі дзень для нас.
РР: Ці памятаеце вы, калі ўпершыню пачулі пра 25 сакавіка?
Яўген Янчук: Першы раз пра 25 сакавіка я пачуў у ліцэі, але гэта не было на занятках – гэта факт. Першае маё святкаванне 25 сакавіка, калі не памыляюся, было ў 1988 годзе. Гэта было наша першае святкаванне, якое праходзіла канспіратыўна, а калі настаў час перамен, святкаванні сталі праводзіцца афіцыйна.
Дзень Волі-2016 у Гайнаўцы
У праграме:
– Выступ прафесара Алега Латышонка, прысвечаны падзеям 1918 года і абвяшчэнню БНР. Пачуем расповед пра выхадцаў з Падляшша, якія спрычынілся да тых гістарычных часоў (Язэп Варонка, Мікола Дзямідаў ды іншыя).
– Паказ фільма аўтарства Радаслава Дамброўскага „Вольны”, прысвечаны выдатнаму беларусу Юрыю Туронку.
– Канцэрт у выкананні Алега Кабзара.
Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя