У Варшаве прайшоў Марш Незалежнасці



Дзясяткі тысяч нацыяналістаў прайшлі вуліцамі Варшавы. Дэвізам сёлетняга шэсця былі словы “Польшча – для палякаў, палякі – для Польшчы”. Адзін з заснавальнікаў партыі “Нацыянальны рух” Артур Завіша не бачыць у гэтых словах пагарды да нацыянальных меншасцяў:

Дэвіз “Польшча – для палякаў” значыць толькі тое, што польская дзяржава мае абавязак працаваць на карысць польскага народа. І тут не ідзе гаворка пра выгнанне іншых нацыянальнасцей, прадстаўнікі якіх жывуць тут. Акцэнт робім на служэнні краіны народу. І думаю, з гэтым пагадзяцца як палякі, там і беларусы ды ўкраінцы, якія жывуць тут.

Асаблівасцю сёлетняга маршу былі антыісламскія лозунгі. У той жа ж час адзін з выступоўцаў ксёндз Яцэк Мендляр адзначыў, што нацыяналісты не супраць мірных мусульманаў, але супраць ісламскага фундаменталізму:

Мы не баімся мірных мусульманаў, а баімся ісламскага фундаменталізму. Мы не хочам у Польшчы гвалту, агрэсіі ў імя Алаха.

У апошнія гады Маршы Незалежнасці заканчваліся масавымі беспарадкамі і бойкамі з паліцыяй. Сёлетні марш быў надзвычай спакойны. Таксама ўпершыню зварот да ўдзельнікаў шэсця даслаў прэзідэнт Анджэй Дуда, абраны ў траўні гэтага года.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара