БАС адсвяткавала свой юбілей разам з “Крамай”



Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы сёлета святкуе свой юбілей – 35 гадоў існавання. У беластоцкім клубе „Zmiana Klimatu” сустрэліся заснавальнікі арганізацыі, былыя і цяперашнія яе сябры. На сцэну выйшла легенда беларускага року – гурт “Крама”.

Яўген Вапа, які ў канцы 80-х гадоў быў старшынём БАСа, адзначае, што правядзенне фестывалю “Басовішча” было толькі адным з кірункаў дзейнасці:

– Гэта студэнцкія рэйды “Бацькаўшчына”, “Развітанне”, “Падарожжа”. Гэта і самаадукацыя, Беларускі народны ўніверсітэт. Гэта вяртанне святкавання 25 сакавіка. Гэта студэнцкія турніры, супраца з ліцэямі, выдаванне ўласных часопісаў „Сустрэчы”, „Прысутнасць” (адмысловая старонка ў тыднёвіку „Ніва”).

Аднак, як кажа цяперашняя старшыня БАСа Ганна Пякарская, “Басовішча” з’яўляецца асноўным мерапрыемствам, падрыхтоўка да якога ідзе на працягу ўсяго года:

– Цяжка думаць пра штосьці іншае. Але з задавальненнем магу сказаць, што ў гэтым годзе атрымалася зрабіць конкурсную частку ў Менску. Акрамя гэтага, мы арганізавалі канцэрт “Brutto” і “Дзецюкоў” у Беластоку, а цяпер робім гэты юбілей. Стараемся хоць нейкія невялікія мерапрыемствы рабіць вакол гэтага вялікага “Басовішча”.

Беларускае аб’яднанне студэнтаў узнікла ў першай палове 1981 года на хвалі дэмакратычных пераменаў у Польшчы. У камуністычныя часы студэнты некалькі разоў спрабавалі рэгістраваць таварыства. Толькі ў канцы 1988 года аб’яднанне афіцыйна прызналі польскія ўлады.

[Not a valid template]

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара