Юбілейны 15-ы. “Падляшша ў абектыве”
Зубры і праваслаўе – у 15-ым юбілейным Агульнапольскім фотаконкурсе “Падляшша ў абектыве” імя Віктара Волкава перамаглі працы, якія прадстаўлялі тэмы вельмі характэрныя для Падляшша і гэтага конкурсу ўвогуле.
Яраслаў Клей атрымаў першую ўзнагароду за здымак “Вечар з зубрамі”. “Гэта мой дзясяты конкурс, але ўпершыню я перамог,” – кажа Клей:
– Гэты здымак быў зроблены летась у красавіку. Увечары рабіў на полі здымкі зуброў. У пэўны момант сонца пачало заходзіць. Зубры пайшлі за такое ўзвышша, а я пайшоў за імі. І ў той даліне, дзе мы апынуліся, туман, захад сонца зрабілі адмысловую магію гэтага здымка.
Арганізатара – Музей і Асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы – цешыць папулярнасць конкурсу. Сёлета была рэкордная колькасць удзельнікаў – 102. Даслалі яны 300 прац. Фотаконкурс “Падляшша ў абектыве” цягам гадоў дазволіў сабраць 3 000 здымкаў, якія часта паказвюць тое, чаго ўжо зараз няма.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя