Юліта Неплах-Сітніцка: Беларуская культура тут мае глыбокія карані



Ці можна цікава пісаць пра лакальныя праблемы і падзеі гміннага ці павятовага маштабу? Гэта стала выклікам для групы журналістаў, якія на штодзень займаліся лакальнымі тэмамі ў чатырох падбеластоцкіх гмінах. Амаль год таму ў падляшскай мэдыя-прасторы з’явілася выданне bia24, якое выходзіць раз на месяц і піша для жыхароў і пра жыхароў сваіх гмін.

“Наша галоўная мэта пісаць цікава на тэмы, якія турбуюць нас і нашых суседзяў, асвятляць грамадскія ініцыятывы і паказваць шматкультуранасць нашага рэгёну. Прыкладам гэтага ёсць экуменічны каляндар, які мы далучылі да аднаго з апошніх нумараў нашага выдання,” – кажа госця Рацыі – журналістка выдання bia24 Юліта Неплах-Сітніцка.

Юліта Неплах-Сітніцка: Думка пра стварэнне такога перыёдыка з’явілася пасля таго, як газета Міхалова была ліквідавана. Газета Міхалова выходзіла каля 20 гадоў. Такую гісторыю было шкада занядбаць. Да таго ж жыхары Міхалова прызвычаіліся, што выходзіць інфармацыя для іх і пра іх. Таму бурмістр Міхалова супольна з bia24 прыйшлі да такой ідэі, каб аб’яднаць некалькі суседніх гмін Заблудаў, Міхалова, Гарадок і Супрасль, і пісаць для жыхароў гэтых гмін у адной газеце. Файна чытаць пра сябе, і файна ведаць, што адбываецца у суседзяў.

РР: Ці кранаюцца ў вашых матэрыялах таксама тэмы памежжа, темы беларускай нацыянальнай меншасці, паколькі ў гэтых гмінах шмат жыхароў лічыць сябе беларусамі?

Юліта Неплах-Сітніцка: Канешне, робячы газету, калі пішаш пра штодзённыя справы жыхароў, немагчыма абмінуць справы, звязаныя з нашай культурай і спадчынай беларускай культуры. Яна мае тут глыбокія карані. Асабліва ў мясцовасцях Гарадак, Міхалова, але таксама Заблудаў і Супрасль. Бачна гэта на кожным кроку. На кожных гмінных імпрэзах выступаюць калектывы мастацкай самадзейнасці з доўгалетняй традыцыяй. Як, напрыклад, мы пісалі ў апошнім нашым нумары пра калектыў “Рэчанька”, які мае ўжо 25 год. Жанчыны на працягу 25 гадоў спяваюць па-беларуску, іх убранне і сцэнічны вобраз сведчаць пра тое, што тая культура ў нас яшчэ жыве. Таксама на гмінных імпрэзах выступаюць беларускія калектывы, якія зусім маладыя, маюць усяго некалькі год. І песняй, і танцам яны прэзентуюць сваю беларускую культурную спадчыну.

РР: Культурніцкія тэмы займаюць шмат месца на старонках выдання bia24, то-бок, ёсць пра што пісаць, ёсць гэта культурніцкая дзейнасць у гэтых гмінах.

Юліта Неплах-Сітніцка: Канешне. Робім агляды гмінных імпрэз. Падчас гэтых імпрэз актыўна выступаюць калектывы, якія прадстаўляюць беларускую культуру. Гэта вялікі пералік калектываў: “Бяседа”, “Калінка”, “Гай”, “Росы”, “Рэчанька”, “Казка” з Гарадка. “Казка” – гэта выдатны дзіцячы калектыў, які мае 12-гадовую гісторыю сваёй дзейнасці. Калектыў, які перадае культурныя традыцыі дзецям. Такім чынам пісаць ёсць пра што. І самі жыхары і гмінныя ўлады падкідваюць нам розныя тэмы. І таму запрашаем да стварэння нашай газеты. Мы працуем штодзённа, ад 9-й гадзіны да 17-ай. Прыходзьце да нас са сваімі праблемамі і справамі. Званіце, пішыце. Запрашаем да дыялогу і супрацы.

Цалкам размова:

Размаўляла Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя