Юлія і Зміцер Косціны: Дапамагаем беларусам талакою
Госці Рацыі – Юлія і Зміцер Косціны. Абмяркоўваем з імі жыццё беларусаў у Беластоку, цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларускія ўцекачы, і дапамогу, якую ім аказвае беларуская дыяспара.
РР: 2021 год для беларускай дыяспары ў Беластоку быў іншы, чым папярэднія гады. Зміцер, ты, як журналіст, назіраеш за беларускім жыццём шмат гадоў.
Зміцер Косцін: Так, сапраўды, беларускае жыццё на Беласточчыне перад маімі вачыма ўжо 13 гадоў. Працуючы тут на Беларускім Радыё Рацыя, пазней на Польскім Радыё Беласток, робячы беларускія перадачы, найчасцей гэтае беларускае жыццё датычылася падзеяў, звязаных з беларускай нацыянальнай меншасцю на Беласточчыне. Гэта і святкаванне 25-га Сакавіка, розныя сустрэчы, прэзентацыі, “Трыялог”, “Басовішча” – усё гэта стварала такое ўяўленне пра беларускасць, тут на Беласточчыне вельмі доўга. І сапраўды гэты штандар беларускасці на Беласточчыне доўгія дзесяцігоддзі нясуць самі беларусы Беласточчыны. Летасць крыху іншая сітуацыя здарылася. І тут некалькі чыннікаў. Перадусім гэта пратэсты 2020 года. Грамадзяне Беларусі, якія нават і раней, год – тры перад выбарамі выязджалі з Беларусі, і яны заставаліся ананімнымі. Яны не далучаліся да беларускай дзейнасці і не ведалі нават пра існаванне беларускай нацыянальнай меншасці, пра існаванне навучальнах установаў, дзе можна вывучаць беларускую мову. Не было такога месца, дзе б збіраліся беларусы з Беларусі. І падчас выбараў такім месцам сталі ходнікі каля Консульства Беларусі. І ўсе жартавалі і жартуюць дагэтуль, што знаёмства беларусаў з Беларусі ў Беластоку адбылося пад плотам консульства. Гэта быў адзін каталізатар. А другі каталізатар, мне здаецца, каронавірус. Шмат якія імпрэзы, якія адбываліся дзесяцігоддзямі, былі адмененыя, або перанесеныя. А ў гэты самы час падзеі ў Беларусі змушалі беларускую дыяспару рэагаваць. І гэтая рэакцыя была бачная амаль штотыдзень. Калі казаць пра акцыі пратэсту, акцыі салідаранасці і падтрымкі, то такіх акцый адбылося больш за 60 цягам года. Яны праходзілі ў рознай форме – гэта былі і маржаванні, і пікеты, маршы, выставы, канцэрты… Усё гэта крыху іншую якасць дадало беларускаму прадстаўніцтву тут, на Беласточчыне.
РР: Юлія, для цябе час пасля выбараў – гэта цяжкая валанцёрская праца.
Юлія Косціна: Так, пачынаючы з 2020 года сітуацыя змусіла да таго, што пад плотам консульства немагчыма было проста стаяць, трэба было нешта рабіць. Людзі падыходзяць, ведаючы, што ты тут жывеш больш за 10 гадоў, просяць дапамогі. Я на той час ужо працавала асістэнтам замежнікаў польскай Фундацыі “Дыялог”. І нешта ведала пра легалізацыю побыту, альбо іншыя побытавыя рэчы замежнікаў тут. І гэта ўсё адбылося натуральна. Гэта можна назваць гуманітарнай валанцёрскай дзейнасцю. Гэта вельмі вычарпальная праца. Яна не прыносіць прыбытку, а забірае сэрца, душу, час. І мусіш ахвяраваць нейкай часткай свайго жыцця. Але гэта пазітыўна тым, што тое, што ты аддаеш, часам вяртаецца табе. У крыху перайначанай форме, часам, больш чым ты аддасі, табе вяртаецца. І гэта падтрымлівае.
РР: Памятаеш першых людзей, каму дапамагла?
Юлія Косціна: Так, помятаю кожнага, кожную сям’ю. Не толькі першых, я і апошніх помятаю. Гэтыя гісторыі ўзрушальныя. Яны не забываюцца. З некаторымі я нават сябрую.
РР: Прыязджаюць часта сем’і з малымі дзецьмі. Ім трэба вучыцца, хадзіць у школу...
Юлія Косціна: Дзеці трапляюць у школы. Дырэкцыя іх бярэ. Прычым дзяцей уцекачоў бяруць без нейкіх дадатковых дакументаў ці пасведчанняў з беларускай школы. На жаль, закон не дазваляе бацькам з беларускімі пашпартамі карыстацца заняткамі, якія прадугледжаны для дзяцей беларускай меншасці, для польскіх грамадзянаў. Гэта вялікі боль. Калісьці школа №4 была такім цэнтрам, дзе засяроджваліся беларускія дзеткі, але цяпер яны раскіданыя па розных школах Беластока. І дыяспара спрабуе арганізаваць для іх нядзельныя заняткі – спеўныя ці беларускай традыцыі.
РР: Калі чалавек выйшаў на вакзале Беластока, куды яму варта кіравацца найперш?
Юлія Косціна: У нас, як дыяспары, няма нейкага свайго памяшкання. Найлепш з намі скантактавацца праз сацыяльныя сеткі.
Зміцер Косцін: Варта адзначыць, што нельга казаць пра беларускую дыяспару, як пра вертыкаль. Беларуская дыяспара – гэта вельмі гарызантальная з’ява. І гэта цудоўна. Таму што праз тое, што кожны можа займацца нейкімі рознымі рэчамі, мы шмат ахопліваем і дапамагаем. Усе адныя з аднымі маюць кантакт. І гэта стварае “падушку бяспекі”. І так, талакою, разам, дапамагаем.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя