ЮНЭСКА заклікала Польшчу спыніць вырубку дрэў у Белавежскай пушчы



Камітэт Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, пасяджэнне якога праходзіць у Кракаве, заклікаў польскія ўлады неадкладна спыніць высечку дрэў у самай старой частцы Белавежскай пушчы і прыняць місію экспертаў.

Камітэт пагадзіўся падоўжыць тэрмін падрыхтоўкі справаздачы аб стане пушчы да снежня 2018 года. Пры гэтым у рапарце застаўся запіс аб магчымым унясенні Белавежскай пушчы ў спіс абʼектаў Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, якія знаходзяцца пад пагрозай. 

Каментуе былы дырэктар Нацыянальнага парка Міраслаў Сцепанюк:

– Камітэт не зацікаўлены ў тым, каб пушча была скрэслена са спісу UNESCO. Думаю, што яна можа трапіць у спіс аб’ектаў сусветнай культуры, якія знаходзяцца пад пагрозай. Думаю, што гэта малаверагодна, бо не ідзе пра тое, каб выкрасліць нейкі аб’ект з гэтага спісу, а пра тое, каб захоўваць яго. Думаю, што будуць праводзіцца розныя перамовы з урадам Польшчы, каб прыпыніць вырубку.

Нагадаем, што ў пушчы працягваюцца пратэсты эколагаў супраць вырубкі дрэў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя