Юніс Аскераў: Магчыма, будзе трэці Майдан



Калі ва Украіне развалілася войска, з’явіліся дабраахвотныя батальёны. Калі развалілася вайсковай лагістыка, з’явіліся валанцёры. Калі перасталі працаваць дзяржаўныя органы ўлады і праваахоўныя органы, частка іх функцый узялі на сябе грамадскія аргагнізацыі.

Чарнігаўская “Самаабарона Майдана” – ці не самая ўплывовая грамадская арганізацыя Чарнігава. “Самаабаронаўцы” займаюцца і валанцёрскай дзейнасцю, і аховай парадку на вуліцах, а пры патрэбе дапамагаюць гасцям горада – у тым ліку і беларусам.

Ці адбыліся ва Украіне нейкія змены з часоў Рэвалюцыі Годнасці? Чаму шмат хто ва Украіне лічыць Пятра Парашэнку здраднікам? На якую дапамогу ад “Самаабароны Майдана” могуць разлічваць у Чарнігаве нашыя землякі?

2015-10-26_achromienka_samaabarona_czarnihau_1

З актывістам чарнігаўскай “Самаабароны Майдану” Юнісам Аскеравым пагутарыў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

РР: Ад часоў Майдана прайшло амаль паўтары гады… Нешта за гэты час змянілася?

Юніс Аскераў: Змены вельмі малыя. Мы спрабуем рухацца далей, але ж вельмі замінае расейская агрэсія. Калі мы пачнем дзейнічаць больш актыўна, то расейскія войскі пойдуць а наступ па ўсёй тэрыторыі нашай мяжы, якую ні Украіна, ні Расея, ні Еўропа ўжо проста не выцягнуць. І гэта будзе глабальная катастрофа. На сваім узроўні мы намагаемся нешта змяніць, але ж разумеем усе абставіны. Гэта вельмі цяжка. Але мы зменім нашу краіну. За гэта стаяў Майдан, за гэта загінулі нашы героі.

РР: А Пётр Парашэнка, як украінскі прэзыдэнт, адпавядае вымогам Майдану? Апошнім часам яго крытыкуюць з самых розных бакоў…

Юніс Аскераў: Тады на Майдане, а я таксама там быў, усе хацелі “адзінага кандыдата” – маўляў, вы нам толькі пакажыце такога, а мы за яго прагаласуем, нам патрэбны правадыр. Наш народ баіцца адказнасці, таму і хацелі правадыра, які іх павядзе за сабой. Тады Парашэнка аб’яднаўся з Клічко, і было вырашына, што Парашэнка – і ёсць той самы “адзіны каныдат”, якога ўсе чакаюць. Народ, які прызвычаіўся верыць вушам, прашаласаваў за Парашэнку. Цяпер ці не большасць украінцаў крые таго Парашэнку мацюгамі.

РР: То бок, гэта была рэактыўная сітуацыя: давайце абярэм каго заўгодна, толькі б не было ненавіснага ўсім Януковіча… Так?

Юніс Аскераў: Народ хацеў Месію. Парашэнка абяцаў скончыў за лічаныя гадзіны вайну…

РР: Ён гаварыў не пра “вайну”, а выключна пра “Антытэрарыстычную аперацыю”!

Юніс Аскераў: “Антытэрарыстычная аперацыя” – гэта для медыя і для афіцыёзу… Глядзіце самі: калі Парашэнка паабяцаў прадаць свой цукерачны бізнэс, але не прадаў, то ў яго запыталі: а што ж вы свае абяцанкі не выканалі? Ён адказаў прыблізна так – маўляў, разумееце, цяпер вайна, падчас якой ніхто бізнесы не купляе… З іншага боку, калі Еўразвяз прапанаваў нам міратворцаў, і тады б, як мінімум, менш нашых хлопцаў загінула, то Парашэнка сказаў прыблізна так: ды ніякай вайны няма, ідзе Антытэрарыстычная аперацыя, самі разбярэмся. Гэта – падман усіх нас. Гэты чалавек прадаў усе ідэалы Майдана. Парашэнка дапнуўся да ўлады на крыві нашых героеў. Ён фактычна прадаў Украіну.

2015-10-26_achromienka_samaabarona_czarnihau_2

РР: А чым, на ваш погляд, усё гэта можа скончыцца для Украіны?

Юніс Аскераў: Магчыма, будзе Трэці Майдан. Але людзі больш не будуць танчыць і спяваць. Проста прыйдуць са зброяй і возьмуць уладу ў свае рукі. Але калі мы так зробім, ад Украіны адвярнецца ўвесь свет…

РР: То бок: зноў прыходзяць на Майдан людзі, са зброяй і з лозунгамі “Банду – геть!” і ўсё пачынаецца зноўкі. Добра, скінулі Парашэнку. А далей што? Хто можа стаць нацыянальным лідэрам украінцаў?

Юніс Аскераў: Ва Украіне ёсць адукацыя, у тым ліку і вышэйшая, але няма асветы. Калі мы правядзем асветніцкую дзейнасць, калі людзі навучаць думаць – тады, можа, і настануць сапраўдныя змены. А не тое, што цяпер: “вось ён мне паабяцаў 1000 грывень і кілаграм грэчкі, а-яй, які харошы чалавек, буду галасаваць за яго!” Нешта сапраўды зменіцца, калі людзі пачнуць думаць: “А што гэты чалавек зрабіў для Украіны?!”

РР: Ва Украіне яшчэ свежыя ўспаміны пра Януковіча і ягоны рэжым. Даводзілася чуць: за часамі Віктара Фёдаравіча і вайны не было, і даляр быў стабільнейшым, і вада макрэйшай, і цукар саладзейшым… Некаторыя людзі старэйшага пакалення і пагэтуль так згадваюць Савецкі Саюз. Ці мажліва тут рэстаўрацыя рэжыма Януковіча?

Юніс Аскераў: Я гэтага не выключаю. Але ж людзі, якія з настальніяй згадваюць часы Януковіча, не разумеюць, што менавіта з-за яго і з-за ягонай “Партыі Рэгіёнаў” і пачалася вайна. Вайна цяпер выцягвае з Украіны шалёныя грошы. Людзі чакаюць на ранейшых чыноўнікаў і спадзяюцца, што ўсё будзе так, як тры-чатыры гады таму. Яны жывуць сённяшнім днём і не аналізуюць, што будзе заўтра…

Чарнігаўская “Самаабарона Майдану” – ці не самая прыязная грамадская арганізацыя да беларускай грамады. “Самаабаронаўцы” традыцыйна бяруць удзел ва ўсіх беларускіх мерапрыемствах, а на святы, побач з украінскім, вывешваюць каля свайго офіса і бел-чырвона-белы сцяг.

2015-10-26_achromienka_samaabarona_czarnihau_3

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя