Юры Каліна: Заява ІНП не мае юрыдычнай сілы
„Заява Інстытуту нацыянальнай памяці не мае ніякай юрыдычнай сілы”, – кажа дакументаліст Юры Каліна, які займаўся тэмай ахвяраў „Бурага”. Ён дадае, што каб змяніць вынікі папярэдняга следства, то трэба было б правесці новае следства, а не абапірацца на публікацыях.
У заяве ІНП канстатуецца, што ў следстве ў 2005 годзе былі зробленыя няправільныя высновы.
Як кажа Юры Каліна, такая заява не можа мець ніякай сілы і не змяняе гістарычных фактаў:
– Факты такія, што на пераломе студзеня і лютага 1946 года атрад Рамуальда Райса „Бурага” спаліў пяць беларускіх праваслаўных вёсак і забіў 80 мірных людзей. Гэта факты, яны могуць пісаць, што гэта няпраўда, што яны не хацелі, а забілі, што гэтыя людзі самі забілі сябе. Дарослы чалавек разумее, што гэта палітыка, якая заключаецца ў чыстай хлусні.
ІНП у сваёй заяве спасылаецца на публікацыю 2016 года доктара Казімежа Краеўскага і Гжэгажа Вансоўскага, якія ввыказалі меркаванне, што дзеянні 3-й Віленскай брыгады НВЗ у 1946 годзе не мелі нацыянальна-рэлігійных матываў, каментуе Юры Каліна:
– Гэта паказчык таго, якая зараз у Польшчы вядзецца гістарычная палітыка, бо гэта не гісторыя. Розніца заключаецца ў тым, што палітыкі ў ІНП выкарыстоўваюць нібыта факты для вядзення сваёй нацыянальнай польскай палітыкі, у якой паказваецца, што пакуль няма месца для іншых, чым палякі рыма-каталікі, чым гэта нацыянальная польская плынь.
Нагадаем, што Інстытут нацыянальнай памяці заявіў пра адсутнасць віны з боку капітана Рамуальда Райса „Бурага”, які адказны за спаленне пяці беларускіх вёсак на Беласточчыне, а таксама за смерць 79 мірных жыхароў у 1946 годзе. Тым самым заява абвяргае вынікі пракурорскага следства ІНП 2005 года.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя