Юры Ляшчынскі: На наступны год маем менш сродкаў на рэгіянальныя перадачы
Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі Польшчы агучыла датацыі на 2015 год для нацыянальных ды этнічных меншасцяў. На нашым Беларускім Радыё Рацыя з гэтых датацый ажыццяўляецца падрыхтоўка дзевяці аўтарскіх праграмаў, у тым ліку “Падляшскага канцэрту пажаданняў”, “З Падляшша родам”, моладзевай праграмы, “Казак малышам” ды іншых. Праўда, у наступным годзе гэтае фінансаванне будзе ў меншым аб’ёме – адзначае праграмны дырэктар нашага радыё Юры Ляшчынскі:
– У надыходзячым годзе, 2015-ым, Радыё Рацыя атрымала з Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі крыху менш сродкаў, гэта значыць, што калі два гады таму гэта было 250 тысяч злотых, летась 239, у надыходзячым годзе будзе толькі 200 тысяч. Значыць, на адну пятую менш. Яшчэ не ведаем, што гэта абазначае ў перадачах, але галоўныя перадачы, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод слухачоў, напэўна застануцца.
Грошы, якія атрымліваюць меншасці ад Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі Польшчы, павінны быць выкарыстаны дзеля аховы і развіцця культурнай тоеснасці нацыянальных ды этнічных меншасцяў, а таксама дзеля захавання і развіцця рэгіянальных моваў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя