Юрыю Ляшчынскаму адмовілі ў беларускай візе
Другі раз на працягу менш чым аднаго года праграмнаму дырэктару нашага Беларускага Радыё Рацыя адмоўлена ва ўязной візе ў Беларусь. Сядзіба радыё месціцца ў цэнтры Беластоку. Юры Ляшчынскі складаў дакументы на атрыманне аднаразовай візы ў прыватных мэтах, між іншым, ён планаваў наведаць сяброў і знаёмых у Гародні і Менску:
– Я на мінулым тыдні склаў заяву на прыватную турыстычную візу – хацеў наведаць сяброў у Гародні і ў Менску. У той самы дзень пазванілі мне, паведамілі, што адказ не будзе ў сераду, а будзе ў чацвер. Адразу падумаў, што можа быць нешта не так. Сёння ў чацвер, 14 жніўня, пайшоў як было дамоўлена ў 15 гадзін па візу. Адмоўлена. Спытаў: чаму? Не, мы не тлумачым, консульства не мае такога абавязку, каб тлумачыць, чаму адмоўлена.
Адзначым, што старшыня Управы нашага Радыё Яўген Вапа ўжо тры гады не можа атрымаць беларускую візу. Між іншым, у 2013 годзе, як старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы ён не змог наведаць З’езд беларусаў свету, які праходзіў у Менску.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя