З 1 траўня ў Літве набыў моц закон аб дэсаветызацыі публічнай прасторы



З 1 траўня ў Літве набыў моц закон аб дэсаветызацыі публічнай прасторы, які прадугледжвае забарону прапаганды таталітарных і аўтарытарных рэжымаў і іх ідэалогіі, а таксама новы парадак дэмантажу або замены публічных аб’ектаў, якія гэтую забарону парушаюць.

Закон, прыняты Соймам Літвы ў снежні 2022 года, дазволіць прыбраць з публічнай прасторы сімвалы таталітарызму і аўтарытарызму – мемарыялы, іншыя помнікі, а таксама назвы вуліц, плошчаў і іншых грамадскіх аб’ектаў.

Згодна з законам, забарона будзе тычыцца любой формы ўшаноўвання або выявы асоб, сімволікі або інфармацыі, якія прапагандуюць таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы і іх ідэалогіі, адзначае літоўскі Сойм.

Забарона не распаўсюджваецца на музеі, архівы, бібліятэкі пры арганізацыі выставак, інфармаванне грамадскасці аб таталітарных і аўтарытарных рэжымах і іх наступствах, выкарыстанне такіх прадметаў і інфармацыі ў мэтах адукацыі, навукі, прафесійнага мастацтва і калекцыянавання.

Ацэнку публічных аб’ектаў на прадмет прапаганды таталітарных ці аўтарытарных рэжымаў і іх ідэалогій будзе ажыццяўляць Літоўскі цэнтр даследаванняў генацыду і супраціву, а таксама муніцыпальныя органы ўлады.