З аптымізмам глядзім на беларускую адукацыю ў Польшчы
Малітвай за беларускую асвету ў дзень памяці Святой Еўфрасінні Полацкай – асветніцы Беларусі – завершаць чарговы навучальны год у Беластоку. Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, запрашае ўсіх на завяршэнне школьнага года ў Беластоку.
Па словах настаўніцы беларускай мовы з беластоцкай пачатковай школы нумар чатыры Аліны Ваўранюк, ад самага пачатку заканчэнне навучальнага года для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў было прымеркавана да ўшанавання Святой Еўфрасінні.
Аліна Ваўранюк: Ужо некалькі гадоў таму мы задумалі, каб падвядзенне працы адбывалася якраз 5 чэрвеня. Ну, а калі не атрымаецца, то як мага бліжэй да гэтай даты. Сама назва «асветніца» падкрэслівае яе дзейнасць: яна закладала ўсе гэтыя скрыпторыі, вучыла асветніцкай і грамадскай працы. Таму запрашаем усіх 5 чэрвеня, якраз у дзень Еўфрасінні Полацкай, у царкву Святога Юр’я ў Новым Месце. У 10 гадзін пачнецца літургія, а пасля яе – малебен за дзяцей, бацькоў і настаўнікаў – за ўсіх тых, хто звязаны з навучаннем беларускай мовы ў Беластоку. Ды не толькі ў Беластоку. Кожны, каму блізкая справа беларускай асветы, павінен у гэты дзень быць у царкве.
І 6 чэрвеня запрашаем у драматычны тэатр імя Венгеркі а 17 гадзіне. Пачынаем з танцаў. У гэтым навучальным годзе першы раз у нас пачала працу група танцораў. Два разы ў тыдзень дзеці працавалі пад кіраўніцтвам Аксаны Прус, якая вучыла дзяцей беларускім народным танцам. Дзеці ўжо выступалі ў Шчытах і Бельску Падляшскім. Я бачыла толькі здымкі, сама не магу дачакацца, каб урэшце пабачыць маіх вучняў, якія пераўтвараюцца ў танцораў. Бацькі вельмі хваляваліся падчас папярэдніх выступаў, але ім усё спадабалася. Думаю, што і тут усё будзе вельмі цікава.
Працягнуць канцэрт тэатральныя групы. У гэтым годзе іх чатыры. Дзве малодшыя групы пад кіраўніцтвам Яанны Троц пакажуць свае спектаклі. І дзве старэйшыя групы, якія працуюць са мной і акцёрам драмтэатра Бернардам Баня. Сардэчна хачу запрасіць усіх аматараў вершаў Андрэя Хадановіча. Дзеці пакажуць «Нататкі таткі» – выбраныя вершы Андрэя Хадановіча, музыка Ані Бабік. Ну, і тэатральныя эцюды. Некаторыя з іх мы паказвалі, але ўпершыню мы пакажам іх усе дзевяць разам.
Выступяць нашы «Баламуткі». Дзеці праспяваюць беларускія песні. Выступяць і «Баламуты» – дзеці старэйшых класаў і гімназісткі, якія працуюць з Паўлам Азябла.
І, я думаю, вельмі важнае для дзяцей тут падвядзенне вынікаў ІІ Фестывалю беларускай песні «АБ-БЫ». Гэты конкурс прайшоў у нашай школе, але толькі 6 чэрвеня дзеці даведаюцца, як журы ацаніла іх песні. Гэта будзе пара цікавых гадзін.
Як і кожны год, развітаемся з шасцікласнікамі, якія заканчваюць нашу школу, а таксама з ліцэісткамі, якія пойдуць у далёкі свет. Апошнія – вельмі блізкія для мяне асобы. Бо гэта тыя дзяўчаты, якія працавалі са мной над «Падляшскімі хронікамі», над спектаклем «Ой, даўно, даўно…». Таму будзе і сентыментальна, і весела. Усіх сардэчна запрашаем. Уваход вольны.
РР: Часам чуваць песімістычныя настроі датычна будучыні беларускай асветы. Але гэтых дзяцей з года ў год усё больш. Два гады ўжо набіраецца па 2 класы з беларускай мовай.
Аліна Ваўранюк: Па-мойму, у Беластоку няма праблемы, што дзяцей становіцца менш. Але гэта звязана з дэмаграфіяй, працэсамі, якія адбываюцца ў нас на Беласточчыне. Маладыя людзі з’язджаюць з малых вёсак. Таму ў малых мясцовасцях і колькасць дзяцей змяншаецца. І якраз у Беластоку, ды і іншых большых гарадах дзяцей не тое што большае, але не меншае. Гэта адна рэч. І ў нашым садку ўсё больш і больш дзяцей. У пачатковай школе тое ж самае. Менш дзяцей ідзе ў гімназію і ліцэй. Але гэта характэрна не толькі нам. Бо я гаварыла з прадстаўнікамі іншых нацыянальных меншасцяў у Польшчы – гэта з’ява характэрна для ўсіх нацменшасцяў. Проста пакуль дзеці малыя – ім цікава. А чым старэйшыя яны, тым больш абавязкаў маюць. Не ведаю, чаму ім не хочацца. Можа, таму, што гэта ўсё ж дадатковыя гадзіны ў тыдні. Але я думаю, што тое, што мы як настаўнікі паўкладаем у іх галовы і сэрцы, напэўна будзе працэнтаваць. Я не заўважаю нейкага заняпаду, а якраз наадварот.
Беларускую мову як мову меншасці ў Беластоку вывучае больш за 300 вучняў у дзіцячым садку і школах усіх узроўняў. Агулам у Польшчы каля 3000 маладых беларусаў вывучаюць родную беларускую мову ва ўстановах адукацыі.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Падвядзенне вынікаў артыстычнай працы дзяцей і моладзі ў навучальным годзе 2015/2016
05.06.2016 10.00 Царква св. Юр’я ў Беластоку Малебен за дзяцей, моладзь, бацькоў і настаўнікаў
06.06.2016 17.00 Драматычны тэатр імя А. Вянгеркі ў Беластоку
У праграме: Спектаклі ў выкананні ўдзельнікаў Тэатральнага гуртка „Гульня ў тэатр”:
Жабкі і Чарапашка сцэнарый Сяргей Кавалёў, рэжысура Іаанна Троц
Хто сказаў «Мраў» сцэнарый Зофія Вуйцік, у перакладзе Аліны Ваўранюк, рэжысура Іаанна Троц
Нататкі таткі песні на словы Андрэя Хадановіча, музыка Анна Бабік, рэжысура Аліна Ваўранюк і Бернард Мацей Баня
Казка пра Рыцара без Каня сцэнарый Марта Гусьнёўская, у перакладзе Аліны Ваўранюк, рэжысура Аліна Ваўранюк і Бернард Мацей Баня
Канцэрт гурта Баламуткі падрыхтоўка Кірыл Ліпай
Канцэрт гурта Баламуты падрыхтоўка Павал Азябла
Паказ танцаў у выкананні групы, якая працуе пры Студыі фальклору і беларускай песні падрыхтоўка Аксана Прус