З архіва Музея Памяці Сібіры: Тэлеграма ад прасталінскага «Саюза Польскіх Патрыётаў»
Музей Памяці Сібіры ў Беластоку карпатліва збірае дакументы жыхароў Падляшша, сваякі якіх былі высланыя ў Сібір. Сярод экспанатаў – тэлеграма ад Саюза Польскіх Патрыётаў з Масквы, якая прыйшла жыхару Падляшша, што шукаў сваіх знаёмых.
З экспанатам знаёміць кіраўнік аддзела культурніцкіх праектаў Музея Памяці Сібіры Пётр Паплаўскі:
– Маем дакументы, якія распавядаюць нам аб адной з функцый Саюза Польскіх Патрыётаў. Арганізацыя дапамагала знайсці кантакты высланых і згубленых членаў сям’і, мужоў, жонак. Пад канец Другой сусветнай вайны такія пошукі максімальна актывізаваліся, паколькі ўсходні фронт моцна прасунуўся на Захад. На тэрыторыі польскіх земляў, занятых Савецкай Арміяй, стала мажліва атрымліваць лісты з усходу. Аднак большасць адказаў мелі адмоўны характар, паколькі знайсці таго ці іншага чалавек не было мажліва»
Па словах Пятра Паплаўскага, «Саюз Польскіх Патрыётаў», створаны польскімі камуністамі ў 1943 годзе, мае двухсэнсоўную ацэнку ў гісторыі. З аднаго боку, Саюз распаўсюджваў польскую культуру і дапамагаў у пошуках сваякоў. З іншага боку, Саюз быў цалкам падкантрольны Сталіну і выконваў ролю савецкай арганізацыі па палітычнай прапагандзе і прасоўванні волі Саветаў адносна жыхароў польскіх земляў у ссылцы.
Фота аўтара:
Беларускае Радыё Рацыя