З магіл пскоўскіх дэсантнікаў знялі шыльды з імёнамі



На могілках у вёсцы Выбуты пад Псковам знялі шыльды з імёнамі пахаваных там 25 жніўня дэсантнікаў Кічаткіна і Восіпава. Пра гэта паведамляе расейскі тэлеканал «Дождж». Паводле карэспандэнта тэлеканала таксама з магілаў зніклі вянкі і стужкі.

61602270451d

Раніцай 25 жніўня на могілках у вёсцы Выбуты каля палігона пскоўскай дэсантнай дывізіі былі пахаваныя двое дэсантнікаў: Леанід Кічаткін 1984 года нараджэння і Аляксандр Восіпаў 1993 года нараджэння. Дата смерці пазначаная як 19 і 20 жніўня гэтага года адпаведна. Прычыны іх гібелі не былі названыя. Цырымонія развітання пад аховай паліцыі адбылася ў царкве Іллі Прарока ў Выбутах.

Раней Міністэрства абароны Расеі абвергла заявы НАТА аб магчымым удзеле вайскоўцаў пскоўскай дывізіі, часткова размешчаных у Растоўскай вобласці, у «актыўных баявых дзеяннях» ва Украіне. Пры гэтым шэраг украінскіх СМІ 21 жніўня заявілі аб тым, што расейскія дэсантнікі маглі загінуць у зоне правядзення ўкраінскімі сіламі антытэрарыстычнай аперацыі.

26 жніўня невядомыя напалі на расейскіх журналістаў, якія прыехалі на могілкі ў вёсцы Выбуты пад Псковам, дзе напярэдадні былі пахаваныя дэсантнікі пскоўскай дывізіі.

svaboda.org