З пачатку года зафіксавана каля 26 300 спробаў нелегальнага перасячэння польскай мяжы



З пачатку года польская памежная служба зафіксавала каля 26 тысяч 300 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, у тым ліку каля 14 тысяч 700 спробаў толькі ў кастрычніку. Апошнія лічбы па сітуацыі, звязанай з міграцыйным крызісам, падчас адмысловага брыфінгу паведаміла прэс-сакратарка Польскай памежнай службы Анна Міхальска:

– У сераду памежнікі зафіксавалі 537 спробаў незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. У дачыненні да 40 замежнікаў вынесена пастанова пакінуць тэрыторыю Польшчы. Ім забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы і на тэрыторыю зоны Шэнген цягам трох гадоў. Астатнія не перайшлі мяжу. Акрамя таго, 6 нелегалаў арыштаваныя. Гэта грамадзяне Іраку.

З 2 верасня ў сувязі з міграцыйным крызісам у 183 мясцовасцях Падляшскага і Любельскага ваяводстваў, якія мяжуюць з Беларуссю, уведзена надзвычайнае становішча. А спецыяльныя службы працягваюць усталёўваць шматкіламетровы калючы дрот, каб супрацьстаяць каналам нелегальнай міграцыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Polsat News/ zdjęcie ilustracyjne