З песняй праз усё жыццё
80-гадовы юбілей адзначыла адна з найстарэйшых удзельніц народнага калектыву “Цаглінкі” – Вера Осяк. Яна памятае калектыў яшчэ ў першыя гады існавання, калі яго на керамічнай фабрыцы ў Старым Ляўкове на Падляшшы заклаў Канстанцін Майсеня. З таго чаму мінула ўжо 39 гадоў. Спадарыня Вера кажа, што родная песня суправаджае яе ўсё жыццё, і прыгадвае песні, якія спявала яшчэ ў маладосці:
– Мы ўсе былі такія маладыя, такія пявучыя. І гэта засталося на ўсё жыццё. Усе мы пра гэта ўспамінаем. І дзеці мае ўспамінаюць: “Мама, а памятаеш, як калісь спявалі?” Помню, як тое ж можна забыць.
У 2011 годзе Вера Осяк была ўзнагароджана Залатым Крыжом Заслугі ад Міністра культуры Польшчы, а сам беларускі фальклорны калектыў “Цаглінкі” адзначылі Срэбным Крыжам. Сёння ў калектыве спяваюць жыхары Ляўкова, навакольных вёсак, а таксама жыхары Гайнаўкі, гміны Міхалова ды іншых мясцовасцяў рэгіёна.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота narewka.pl