З-за каронавіруса візавыя цэнтры не будуць прымаць дакументы
Самыя папулярныя сярод беларусаў візавыя цэнтры – польскі і літоўскі – прыпыняюць прыём дакументаў на шэнген. Дакладна невядома, калі адновяць – залежыць ад эпідэмічнай сітуацыі.
– У сувязі з COVID-19, а таксама з улікам таго, што ўрад Літоўскай Рэспублікі абвясціў каранцін на ўсёй тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі, прыём заяў на візу ва ўсіх візавых цэнтрах прыпыняецца з 16 сакавіка 2020 года і да далейшага паведамлення, – гаворыцца на сайце літоўскага візавага цэнтра. Тым не менш для выдачы пашпартоў візавыя цэнтры будуць адчыненыя.
У палякаў таксама ўсё сумна, але з невялікай канкрэтыкай: пакуль што падаць дакументы на візу нельга з 17 па 27 сакавіка. І «да наступнага паведамлення».
– У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй дакументы не прымаюцца з 17 сакавіка па 27-га, да наступнага апавяшчэння, – паведамілі на інфармацыйнай лініі цэнтра. Гэта тычыцца устаноў па ўсёй Беларусі.