За адзін толькі трэці квартал прытулак у Польшчы атрымалі 450 беларусаў
Паводле даных Еўрастата, у трэцім квартале года (з ліпеня па верасень) Польшча дала прытулак 450 беларусам. Гэта найбольшая колькасць пазітыўных рашэнняў па справах беларускіх уцекачоў за ўвесь час як у самой Польшчы, так і ва ўсім Еўразвязе.

45 чалавек атрымалі статус бежанца, а 405 чалавек — статус дадатковай (субсідыярнай) абароны. Да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і далейшых рэпрэсій, беларусы вельмі рэдка атрымлівалі прытулак у Польшчы. Але з другой паловы 2020 года Польшча пачала актыўна выдаваць беларусам гуманітарныя візы і міжнародную абарону.
У першым квартале года міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 120 беларусаў. У другім — 165 беларусаў. А ў трэцім — рэкордныя 450.
