За апошнія суткі ў Літве затрымана 160 нелегалаў з Беларусі



За апошнія суткі ў Літве затрымана 160 нелегалаў, якія перайшлі мяжу з боку Беларусі, паведаміла літоўская Дзяржпагранслужба. 

Па папярэдніх дадзеных, з раніцы суботы да раніцы нядзелі памежнікі затрымалі 160 мігрантаў з Беларусі, якія незаконна перасеклі мяжу. Усяго ў гэтым годзе на мяжы з Беларуссю было затрымана 1098 нелегальных мігрантаў. Трэці дзень запар замежнікі спрабуюць нелегальна ўехаць у Літву ў раёне Друскенікаў.

23 са 160 нелегалаў перайшлі мяжу ў Варэнскім, Ігналінскім, Віленскім і Шальчынінкайскім раёнах. 

Астатнія 137 мігрантаў былі затрыманыя ў раёне Друскенікаў. Ніякіх інцыдэнтаў або супраціву ў апошні дзень зафіксавана не было.

Многія мігранты распавядаюць аднолькавыя гісторыі пра тое, чаму абралі Літву для сваіх нелегальных паездак. Яны нібыта вучыліся ў вышэйшых навучальных установах Гародні, а нядаўна мясцовая ўлада ўвяла новую плату для такіх студэнтаў. Яны таксама нібыта былі выселеныя са студэнцкіх інтэрнатаў і вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Такія мігранты кажуць, што з-за блізкасці Гародні да Літвы яны выбралі гэтую краіну, а не, напрыклад, Польшчу.

3 ліпеня асноўную частку нелегалаў даставілі з Друскенікаў у Цэнтр рэгістрацыі замежнікаў у Пабрадзе, а таксама ў памяшканні, выдзеленыя ўладамі Алітуса і Ігналіны.  Непаўналетніх, якія не мелі суправаджэння, перавезлі ў цэнтр прыёму бежанцаў у Рукле.

Усе замежнікі будуць правераны на COVID-19 і ізаляваныя да атрымання вынікаў.

Нагадаем, што на паседжанні 2 ліпеня ў сувязі з рэзкім павелічэннем нелегальнай міграцыі ў Літву ўрад абвясціў надзвычайнае становішча на дзяржаўным роўні.

У гэтым годзе лік нелегальных мігрантаў з Беларусі амаль у дванаццаць з паловай разоў большы, чым у 2020 годзе, паведаміла літоўская Дзяржпагранслужба.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: VSAT