За мінулую нядзелю мяжу Літвы з боку Беларусі перайшлі 289 нелегальных мігрантаў



За нядзелю, 1 жніўня, мяжу Літвы з боку Беларусі перайшлі 289 нелегальных мігрантаў, паведаміў партал Delfi са спасылкай на кіраўніка Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустама Любаева.

Гэта новы сутачны рэкорд, папярэдні быў зафіксаваны 28 ліпеня — 171 нелегал.

Паводле слоў Любаева, на 8.30 2 жніўня ля беларускай мяжы затрыманыя 109 мігрантаў.

„Мы бачым, гэтыя лічбы дастаткова вялікія, напэўна, сёння ў перспектыве таксама будзе ўражальная колькасць нелегалаў”, — сказаў ён.

Такім чынам, з пачатку 2021 года на ўчастку мяжы з Беларуссю перахопленыя 3.832 мігранты — у 47,3 разу больш, чым за ўвесь 2020-ты (81).

Літва сутыкнулася з выключнай формай агрэсіі, Еўразвяз знойдзе сродкі і шляхі вырашэння праблемы нелегальных мігрантаў, заявіла еўракамісар па ўнутраных справах Ілва Ёхансан, якая прыбыла ў Літву для азнаямлення з сітуацыяй на месцы і 1 жніўня сустрэлася з кіраўніком МУС краіны Агне Білатайце.

Ёхансан ухваліла рашэнне Вільні збудаваць фізічны бар`ер на мяжы і паабяцала адшукаць магчымасці павелічэння фінансавання мерапрыемстваў па пераадоленні крызісу. Еўракамісар заявіла, што ЕЗ будзе падтрымліваць Літву не толькі фінансава, але і ў перамовах з краінамі паходжання нелегалаў для пошуку выйсця з крызісу.

„Літва супрацьстаіць гібрыднай агрэсіі, скіраванай не толькі на Літву, але і на ўвесь Еўрапейскі звяз і яго фундаментальныя дэмакратычныя каштоўнасці, — заявіла Білатайце. — Літва прыкладае ўсе намаганні для вырашэння пытання, але нам таксама патрэбная падтрымка і салідарнасць іншых членаў ЕЗ”.

Паводле слоў міністра, спыніць большасць нелегальных мігрантаў, многія з якіх імкнуцца трапіць далей у Заходнюю Еўропу, дазволіць комплекснае рашэнне, што ўключае абсталяванне плота, інтэлектуальнае назіранне за мяжой, узмоцнены памежкантроль разам з саюзнікамі па ЕЗ. „Для гэтага нам патрэбная фінансавая падтрымка. Толькі рэалізацыя тэхнічных мерапрыемстваў можа запатрабаваць да 500 млн еўра”, — адзначыла Білатайце.

Літва разлічвае на дадатковую дапамогу з Фонду прыстанку, міграцыі і інтэграцыі ЕЗ. Еўракамісія абяцала ад 10 да 12 млн еўра, якія павінны паступіць у жніўні. У цэлым для барацьбы з крызісам, згодна з разлікамі літоўскіх уладаў, сёлета запатрабуецца да 100 млн еўра, у 2022 годзе — да 300 млн.

belapan.by