За мінулыя суткі ў краіны Еўразвязу не ўпусцілі каля 330 нелегалаў з тэрыторыі Беларусі
За мінулыя суткі ў краіны Еўрапейскага звязу не ўпусцілі каля 330 мігрантаў, якія мелі намер незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі.
Памежная варта Польшчы ў „Твітэры” паведаміла, што 23 верасня была зафіксаваная 271 спроба нелегальнага пераходу мяжы з беларускай тэрыторыі. Затрымалі трох грамадзян Ірака. Акрамя таго, за дапамогу ў незаконным перасячэнні мяжы затрыманыя пяць чалавек — грамадзяне Ірака (2), Польшчы, Грузіі і Чэхіі (па 1).
„Учора ўвечары за 500 метраў ад беларускай мяжы затрымалі групу выхадцаў з Ірака. Адзін з мужчын, нягледзячы на тое, што яго рэанімаваў патруль і брыгада хуткай дапамогі, памёр (верагодна, ад сардэчнага прыступу). Яшчэ адзін знаходзіцца ў шпіталі са станоўчым вынікам тэсту на COVID-19”, — таксама паведамілі польскія памежнікі.
Тэлерадыёкампанія LRT са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што за мінулыя суткі ў краіну не ўпусцілі 50 мігрантаў з боку Беларусі. Замежнікаў заўважалі паблізу ўчасткаў мяжы, якія адносяцца да Швянчонскага, Варэнскага, Лаздзіяйскага раёнаў і Друскінінкайскага самакіравання.
У той жа час чатырох чалавек, у тым ліку двух непаўнагадовых, прапусцілі ў краіну з гуманітарных прычын.
Дзяржаўная памежная ахова Латвіі паведаміла, што спробы незаконна перасячы латвійска-беларускую мяжу 23 верасня зрабілі 15 чалавек. Нікога не затрымалі і ў краіну не ўпусцілі.
Адзначаецца, што з 10 жніўня, калі ў памежных з Беларуссю раёнах было ўведзенае надзвычайнае становішча, у Латвію не ўпусцілі 1.334 нелегальныя мігранты. За гэты ж час 38 чалавек былі прапушчаныя з гуманітарных прычын. Усяго з пачатку года ў краіне затрымалі 390 іншаземцаў, якія незаконна перасеклі мяжу.
Падчас выступаў на 76-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку 21 верасня прэзідэнты Польшчы, Літвы і Латвіі Анджэй Дуда, Гітанас Наўседа і Эгілс Левітс усклалі адказнасць за сітуацыю з нелегальнымі мігрантамі на ўсходніх межах ЕЗ на ўлады Беларусі. Яны асудзілі практыку выкарыстання замежных грамадзян ва ўразлівым становішчы для правядзення падобнага роду „гібрыднай атакі” і заклікалі краіны ААН разам вырашаць міграцыйныя праблемы.
БелаПАН