За паўгады ў Данецк прыехала 35 тысяч расейцаў
На тэрыторыю самаабвешчанай „Данецкай народнай рэспублікі” за апошнія паўгады прыехалі 35 тысяч добраахвотнікаў з Расеі.
Пра гэта паведаміў пісьменнік Захар Прылепін у сваім Фэйсбуку са спасылкай на неназваных прадстаўнікоў самаабвешчанай рэспублікі. Па словах пісьменніка, большасць добраахвотнікаў прыязджае ў „ДНР” на тэрміны ад некалькіх тыдняў да двух месяцаў. На паўгода, як адзначыў Прылепін, застаюцца толькі адзінкі. Добраахвотнікі не толькі прымаюць удзел у ваенных дзеяннях, але і працуюць у іншых сферах.
„У асноўным гэта байцы падраздзяленняў апалчэння, але ёсць мноства работнікаў іншых службаў – лекары, пажарныя, спецыялісты ў самых розных сферах – напрыклад, ЦЭЦ у Луганску таксама рамантуюць людзі з Расеі”, – напісаў Прылепін.
Нагадаем, у канцы жніўня кіраўнік „ДНР” Аляксандр Захарчанка заявіў у эфіры тэлеканала „Расея-24”, што колькасць апалчэнцаў з Расеі складае максімум 4 тысячы чалавек.