За суткі ў суседнія дзяржавы ЕС не ўпусцілі больш за 300 нелегалаў з боку Беларусі



За мінулыя суткі ў суседнія дзяржавы Еўрапейскага саюза не ўпусцілі больш за 300 мігрантаў, якія мелі намер нелегальна перайсці мяжу з боку Беларусі. Партал навін Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамляе, што за суткі памежнікі не прапусцілі ў краіну больш за 150 нелегалаў, якія ішлі з беларускай тэрыторыі.

Спробы перайсці мяжу фіксаваліся ў Ігналінскім, Варэнскім, Шальчынінкскім раёнах і ў Друскінінкайскім самакіраванні. У Літву мігранты спрабавалі трапіць па адным, а таксама групамі да некалькіх дзясяткаў чалавек. Некаторыя з іх раней ужо рабілі спробу незаконна трапіць на літоўскую тэрыторыю. Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Літвы, з пачатку 2021 года ў краіне затрымалі больш за 4,1 тыс. мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу з боку Беларусі, — у 51 раз больш, чым за ўвесь 2020-ты. Большая частка нелегалаў — грамадзяне Ірака.

На сайце Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі адзначаецца, што за мінулыя суткі спыненае незаконнае пранікненне ў краіну 101 чалавека з тэрыторыі Беларусі. З 10 жніўня на латвійска-беларускай мяжы развярнулі ўвогуле 645 чалавек.

У „Твітары” Памежнай службы Польшчы паведамляецца, што за ўчарашні дзень спробу незаконна перайсці польска-беларускую мяжу зрабіў 71 іншаземец, 20 чалавек затрыманыя. Адзначаецца, што з пачатку жніўня зафіксавана прыблізна 3 тыс. спробаў парушэння мяжы людзьмі, якія ішлі з боку Беларусі.

З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з боку Беларусі 2 ліпеня ў Літве ўвялі рэжым экстрэмальнай сітуацыі. Для стрымлівання нелегалаў уздоўж мяжы з Беларуссю пачалі расцягваць бар’ер з калючага дроту, таксама прынятае рашэнне пабудаваць 508-кіламетровы металічны плот вышынёй не менш за тры метры.

Улады Латвіі з-за наплыву мігрантаў да 10 лістапада ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі ў Лудзенскім, Краслаўскім, Аўгшдаўгаўскім краях і горадзе Даўгаўпілс.

БелаПАН