На Гарадзеншчыне за выезд за граніцу на аўтамабілі трэба будзе плаціць



Чаго толькі беларусы не вазілі праз граніцу. Возьмем, да прыкладу, польскую. Цыгарэты і гарэлку, бензін і салярку ў адзін бок. Тэхніку, вопратку, прадукты, бытавую хімію, а раней і масава аўтамабілі ў іншы бок. Граніца жыла сваім уласным жыццём, даючы жыць і ўсім астатнім. Пры гэтым увесь час паўставалі перашкоды. Да прыкладу, у 2011 Беларусь абмежавала бяспошлінны выезд на ўласным аўтамабілі за межы Мытнага саюза і рэзка падняла кошт мытнага афармлення імпартаваных аўтамабіляў. У 2016 Польшча зменшыла нормы ўвозу паліва, а ў 2019 Беларусь зменшыла нормы бяспошліннага ўвозу тавараў для ўласнага карыстання. Мы перажылі і абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці, і адмену папулярных у беларусаў віз “на закупы”. Часы змяніліся. Змянілася і граніца, пераважна за кошт трансгранічных праектаў і грошай Еўразвязу. Але рух адбываўся актыўна, шоп-туры выстройваліся ў доўгія чэргі, вяртаючы сваіх “затавараных” пасажыраў дадому. Паўстала мноства прыватных перавозчыкаў і ўсе зноў былі задаволеныя.

Спачатку ўсё змяніла пандэмія, калі Польшча абмежавала магчымасці ўезду ў краіну. Цяпер для беларусаў польская граніца адчыненая, праўда, пасля ўезду абавязвае 10-дзённы каранцін. Але тут раптам беларуская наземная граніца закрылася ад 21 снежня мінулага года. Перасекчы яе на выезд могуць толькі пэўныя катэгорыі грамадзян: тыя хто вучыцца або працуе ў Польшчы, мае там від на жыхарства або грамадзянства. І тое раз  на паўгода. Граніца ўпершыню з 90-х гадоў аказалася пустой, гуляе там вецер і рэдкія пасажыры легкавых аўтамабіляў. Пра грузавыя тут не кажу. Гэта зусім іншая гісторыя. У Беластоку плачуць прадаўцы на рынку, у Гародні – тыя, хто прызвычаіўся закупляцца ў суседняй краіне, але таксама і адпачываць пры нагодзе. Цяпер кепска ўсім. Але заўсёды можа быць яшчэ горш. Узяўшыся за справу, Гарадзенскі абласны Савет дэпутатаў на выязной сесіі ў Лідзе пастанавіў увесці плату за перасячэнне граніцы на аўтамабілі. Плата – 1 базавая велічыня, або цяпер 29 рублёў. Такую магчымасць мясцовым уладам дае новы Падатковы кодэкс, які ўступіў у сілу з першага студзеня. І не замінае нават Канстытуцыя, якая дазваляе свабоду перамяшчэння, выезду і вяртання дадому. Грошы, паводле прынятага рашэння, пойдуць на змаганне з каронавіруснай інфекцыяй. Нібыта і мэта добрая, але рэалізацыя “падкачала”. Я б дэпутатам параіла пайсці яшчэ далей: браць плату не толькі за выезд за граніцу, але за нявыезд таксама. Або, напрыклад, за выезд 1 базавую, а за ўезд 2 базавыя. Трэба ж неяк бюджэт папаўняць. Але самае сумна-смешнае ва ўсім гэтым тое, што рашэнне гарадзенскія дэпутаты прынялі на фоне фактычна зачыненай і пустой граніцы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя