За выходныя дні краіны ЕЗ не ўпусцілі 686 нелегальных мігрантаў з боку Беларусі
За мінулыя выходныя дні краіны Еўрапейскага звяза не ўпусцілі на сваю тэрыторыю 686 мігрантаў, якія мелі намер незаконна перайсці мяжу з боку Беларусі.
Фота: novayagazeta.ee
Памежная служба Польшчы ў „Твітэры” паведаміла, што 6 і 7 лістапада было зафіксавана адпаведна 240 і 222 спробы нелегальнага пранікнення з беларускай тэрыторыі. Затрымалі 13 чалавек (шэсць грамадзян Індыі, пяць — Сірыі, а таксама грамадзяніна Нігерыі і грамадзяніна Кот-д’Івуара).
Акрамя таго, за дапамаганне ў нелегальнай міграцыі за два дні затрыманыя шэсць чалавек: двое грамадзян Польшчы, двое — Сірыі, грамадзянін Грузіі і грамадзянін Украіны.
Тэлерадыёкампанія LRT са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што ў суботу і нядзелю ў краіну не ўпусцілі адпаведна 97 і 98 нелегальных мігрантаў з боку Беларусі. З пачатку жніўня, калі было прынятае рашэнне не затрымліваць нелегалаў, а разварочваць іх назад у Беларусь, на тэрыторыю Літвы не прапусцілі 5.944 чалавекі. Пры гэтым з пачатку года беларуска-літоўскую мяжу незаконна перайшлі прыкладна 4,2 тыс. мігрантаў.
У літоўскай пагранслужбе паведамілі, што ў нядзелю двое грамадзян Камеруна і кубінец спрабавалі перасекчы памежны пункт Мядзінінкай на аўтобусе, які рухаўся з Менска ў Вільню. Яны паказалі падробленыя пасведчанні на права жыхарства ў Іспаніі і Люксембургу. Іх высадзілі з аўтобуса і адправілі назад у Беларусь.
Дзяржаўная памежная ахова Латвіі на сваім сайце паведаміла, што ў суботу і нядзелю па 21 іншаземцы спрабавалі незаконнага перайсці латвійска-беларускую мяжу.
З 10 жніўня, калі ў раёнах, што мяжуюць з Беларуссю, было ўведзенае надзвычайнае становішча, у Латвію не ўпусцілі 2.156 нелегальных мігрантаў. За гэты ж час 62 чалавекі прапусцілі з-за гуманітарных прычын. Усяго з пачатку года ў краіне было затрымана 414 іншаземцаў, якія незаконна перайшлі мяжу.
З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, што мяжуюць з Беларуссю. Кіраўніцтва краін Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, афіцыйны Мінск гэтыя абвінавачанні адхіляе.