„Забава на двары ў Валілах”
„Забава на двары ў Валілах Двары” – свята з такой назвай пачало серыю летніх фэстаў з беларускай музыкай у гміне Гарадок.
Беларускія песні гучалі ў выкананні мясцовых спевакоў-аматараў самага рознага веку, а завершыў забаву спецыяльна запрошаны гурт “Лайланд” з Беластоку. На сцэне і сярод гледачоў было многа сяброў і сваякоў з Валілаў ды суседніх вёсак. Гэта вызначыла асаблівую атмасферу свята, кажа Ганна Садоўская:
– Бацькі жывуць, яны на гэтай забаве. Дачка тут жыве, сын. У мяне ўжо дзве ўнучкі – адной 17 гадоў, другой 14. Тры дзяўчынкі спявалі, адна з іх мая ўнучка Мая Садоўска. Маю двое ўнукаў па 10 гадоў. Віктар, які спявае, а таксама Паўлік тут. Я вельмі задаволеная, што многа людзей, якія папрыязджалі з далейшых вёсак, напэўна нават з Беластока ёсць людзі.
Арганізатары мерапрыемства – гмінны цэнтр культуры ў Гарадку і Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Беластоку. Акрамя іх да падрыхтоўкі забавы спрычыніліся многія жыхары Валілаў і навакольных вёсак. Іх агульнымі намаганнямі кожнае лета забавы ладзяцца ў якой-небудзь з вёсак гміны, кажа дырэктар гміннага дому культуры і вядоўца мерапрыемства Магдалена Лотыш:
– Мерапрыемствы з гэтага цыклу адбываюцца з 2014 года. У Валілах Двары – гэта трэцяе з агульнай колькасці мерапрыемстваў. Чатыры мерапрыемствы адбываюцца штогод і штогод змяняем месцы іх правядзення. Стала праводзяцца ў Каралёвым масце і Гарадку, а два месцы змяняем. Напрыклад, у гэтым годзе будзе яшчэ ў Бялевічах. Стараемся наведаць усе вёскі. Лакальная імпрэза, якая адбываецца ў людзей пад домам, на ёй непаўторная атмасфера і бачна, што людзям гэта вельмі патрэбна.
Праграма летніх беларускіх фэстаў у гміне Гарадок вельмі насычаная. У ліпені гледачоў запрашаюць на юбілейныя “Басовішча” і “Сяброўскую бяседу”, а ў жніўні – на канцэрт у свята Святой Ганны і Дажынкі.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя