Забойства Нямцова рыхтавалася да расстрэлу „Шарлі Эбдо”?



Сведка па справе забойства Барыса Нямцова падчас вочнай стаўкі з меркаваным выканаўцам злачынства – Заурам Дадаевым – заявіў, што той рыхтаваў злачынства яшчэ ў лістападзе 2014 года, да расстрэлу рэдакцыі французскага штотыднёвіка „Шарлі Эбдо”. Пра гэта ў аўторак, 7 ліпеня, паведамляе „Расбалт” са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.

Як распавяла выданню крыніца ў праваахоўных органах, Следчы камітэт правёў вочную стаўку Дадаева і сведкі, чыё імя да апошняга часу трымалася ў таямніцы. Малады чалавек сцвярджае, што ў лістападзе 2014 года выпадкова сустрэўся з Дадаевым і зразумеў, што той рыхтуе сур’ёзнае злачынства.

„На вочнай стаўцы сведка цалкам пацвердзіў свае паказанні і ўпэўнена апазнаў у меркаваным зламысніку Дадаева”, – распавёў суразмоўца „Расбалта”.

Дадаеў жа, па словах крыніцы, заявіў, што ўпершыню бачыць сведку. Падазраваны ў здзяйсненні забойства Нямцова таксама адзначыў, што ў лістападзе – снежні знаходзіўся ў Чачні.

tvrain.ru