Закрыта на ўезд беларуская мяжа з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Украінай (абноўлена)



Грамадзян Беларусі прапускаюць у краіну праз наземныя пункты пропуску.

Пра гэта паведаміў агенцтву ТАСС афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі. Раней грамадзяне Беларусі на працягу некалькіх гадзін не маглі ўехаць у краіну з сумежных, акрамя Расеі, дзяржаў у сувязі з прынятым рашэннем аб часовым абмежаванні ўезду з Украіны, Латвіі, Літвы і Польшчы.

* * *

Толькі зараз з’явілася афіцыйнае тлумачэнне ад Памежнага камітэта аб закрыцці межаў. Вярнуцца з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны цяпер можна толькі самалётам:

«У сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай у сумежных краінах, Рэспубліка Беларусь часова абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фiзiчных асобаў з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Пад абмежаванні не падпадаюць:

– супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, дакументаваных дыпламатычнымі і службовымі пашпартамі;

– кіроўцы транспартных сродкаў, прызначаных для выканання міжнародных аўтамабільных перавозак;

– члены цягніковых і лакаматыўных брыгад міжнародных чыгуначных зносін.

Разам з тым пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск функцыянуе без вышэйзгаданых абмежаванняў».

* * * 

У другой палове дня сталі паступаць паведамленні ад карыстальнікаў пра тое, што беларусы не могуць вярнуцца ў краіну як мінімум з Польшчы і Літвы – іх разварочваюць на мяжы, паведамляе tut.by. Пазней з’явілася інфармацыя аб такіх жа праблемах і на ўезд з Украіны і Латвіі. Афіцыйнай інфармацыі пра гэта пакуль няма.

На памежных форумах пішуць, што ў Беларусь цяпер упускаюць толькі грузавыя машыны і дыпламатычны транспарт. Усім астатнім кажуць, каб вярталіся назад.

Таксама ў чатах абмяркоўваюць, што кіроўцаў і пасажыраў міжнародных аўтобусаў папярэджваюць, што яны не змогуць вярнуцца назад, калі цяпер перасякуць мяжу на выезд.

– На жаль, сапраўды, мяжа зараз закрыта, – паведаміў Onliner са спасылкай на аператыўнага дзяжурнага Гарадзенскай мытні. – Для многіх гэта было нечаканасцю, у тым ліку для нас. Ніхто не чакаў. Не хвалюйцеся, гэта ніякае не ваеннае становішча. Прычына ў COVID-19. Які бок стаў ініцыятарам, не магу сказаць.

Фота: auto.onliner.by