Залевы ў Заходняй Украіне паралізавалі рух
Моцныя залевы на некалькі гадзінаў паралізавалі жыццё ў Заходняй Украіне. Дажджы затапілі Чарнаўцы, Луцк, Роўна, Львоў і Жытомір. Непагадзь закранула і ўкраінска-беларускае памежжа.
Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Тым беларусам, якія збіраюцца ехаць ва Украіну аўтамабілем, варта адкласці вандроўку на некалькі дзён.
Нядаўнія залевы ператварылі вуліцы заходнеўкраінскіх гарадоў у рэчкі. У некаторых гарадах узровень вады падняўся ажно на паўметра, у выніку чаго жыццё там часова спынілася. У Жытоміры і Роўна перастаў хадзіць грамадскі транспарт. У Закарпацці пасля моцнай залевы дарогу перакрыла селевая плынь.
Непагадзь часова спыніла аўтамабільны рух на поўначы Ровенскай і Валынскай абласцей, памежных з Беларуссю. Частка дарог цяпер размытая, частка падтопленая. Перамяшчэнне па іх спыненае. Рамонтныя службы абяцаюць аднавіць дарогі ў хуткім часе.
Сіноптыкі прагназуюць, што ў бліжэйшыя суткі моцныя залевы накрыюць цэнтральныя і паўночныя раёны Украіны.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота 24tv.ua